20.39 Судзьдзя прысудзіў С.Парсюкевічу 2,5 гады зьняволеньня агульнага рэжыму. С.Парсюкевіч таксама абавязаны выплаціць міліцыянту Дулубу 1 мільён 100 тыс. кампэнсацыі маральных пакут. Прысуд быў сустрэты крыкамі "Ганьба".
20.28 Судзьдзя прызнаў С. Парсюкевіча вінаватым у зьбіцьці міліцыянта Дулуба.
20.22 У судовую залю завялі Сяргея Парсюкевіча. Публіка сустрэла яго воплескамі. Судзьдзя пачаў чытаць прысуд.
19.40. У судзе Маскоўскага раёну каля 30 чалавек чакаюць прысуду С. Парсюкевічу. Сярод іншых падтрымаць віцебскага актывіста прыйшлі палітыкі Л.Гразнова, П.Севярынец, лідэр прадпрымальнікаў А.Шумчанка.
17.05 З апошнім словам выступіў Сяргей Парсюкевіч. Ён заявіў, што ні ў чым не вінаваты, клянецца ў гэтым перад сваёй сям’ёй:
“Я сам былы міліцыянт, пэнсіянэр МУС. Я ведаю, чым можа закончыцца напад на міліцыянта, тым больш у турме. Таму ніколі не пачаў бы ніякую бойку. Доказы, якія сабрала пракуратура супярэчаць адзін аднаму. Мы ўсе бачылі, што яны падганяюцца літаральна ў судовай залі. У часе таго інцыдэнту я спачатку абараняў свой гонар, а потым мне давялося абараняць сваё жыцьцё. А тое, што рабіў Аляксандар Дулуб, падпадае пад артыкул Крымінальнага Кодэксу аб перавышэньні ўлады з выкарыстаньнем гвалту. За гэта прадугледжваецца пакараньне ў 10 гадоў, і Дулуб робіць усё, каб пазьбегнуць гэтай адказнасьці”.
Судзьдзя заявіў, што прысуд будзе абвешчаны у прамежак часу 19.30--20.30.
16:51 Адвакат Вера Страмкоўская заклікала цалкам апраўдаць Парсюкевіча, бо суд не выявіў ні матыву віны, ні доказаў.
16:21 Адвакат Вера Страмкоўская сказала, што сьледзтва насіла тэндэнцыйны характар. 22 студзеня яна, напрыклад, была на Акрэсьціна, але ёй нічога не сказалі пра інцыдэнт.(nn.by)
16.08 Пракурор запатрабаваў для Парсюкевіча тры гады турмы.
15.52 Выдаленыя з залы паскардзіліся старшыні суду Маскоўскага раёну Анатолю Савічу, той прыслаў на працэс свайго памочніка. Працэс аднавіўся з удзелам публікі. Выступае пракурор Сяргей Кунаш. Ён падтрымаў абвінавачваньне.
15.30 Допыт сьведкаў закончыўся. Сьведкі з боку абароны Павал Вінаградаў і Аляксандар Важакоў пацьвердзілі словы Парсюкевіча, што міліцыянт Дулуб напаў на падсуднага. Чакаецца пачатак спрэчак бакоў.
15.20 Судзьдзя выдаліў усіх прысутных залі з-за таго, што публіка гучна адрэагавала на хадайніцтва пацярпелага Дулуба наконт грашовай кампэнсацыі ягоных маральных пакут. Міліцыянт ацаніў свае пакуты ў 2 мільёны рублёў, бо ён меў на твары драпіны, не мог нікуды хадзіць, бо выглядаў як хуліган, адмовіўся нават ад запрашэньня ў госьці.
14.05 Працэс аднавіўся пасьля перапынку. Падтрымаць Парсюкевіча прыйшлі Аляксандар Мілінкевіч, Людміла Гразнова, маці Андрэя Кіма Тацяна Кім, а таксама некаторыя асуджаныя па “Справе 14-ці” . У залі знаходзяцца ня менш 10-ці пераапранутых у цывільнае супрацоўнікаў спэцслужбаў і міліцыі
13.10 Аб'яўлены перапынак да 14 гадзінаў
13.00 Сёньня на працэсе над Сяргеям Парсюкевічам працягваўся допыт сьведак. Быў дапытаны сьведка Мікалай Гарбачэўскі, грузчык, які жыве ў вёсцы Цнянка пад Менскам. Ён адбываў 5 сутак арышту за хуліганства.
Гарбачэўскі сьведчыў пра пачатак канфлікту паміж Парсюкевічам і міліцыянтам Аляксандрам Дулубам, але блытаўся ў паказаньнях. Спачатку ён паказаў на міліцыянта Вадзіма Якімчыка, што гэта быццам бы той, хто загадаў Парсюкевічу падняцца з ложка. І толькі пасьля заўвагі судзьдзі Гарбачэўскі прызнаў, што пераблытаў міліцыянтаў. Па-другое, Гарбачэўскі сказаў, што Парсюкевіч ніколі не лаяўся матам. Але пракурор зачытаў пісьмовыя паказаньні, у якіх Гарбачэўскі заяўляе, што Парсюкевіч лаяўся нецэнзурна. Гарбачэўскі патлумачыў, што магчыма, тады ён памятаў лепш.
Парсюкевіч таксама адзначыў, што паказаньні Гарбачэўскага чамусьці слова ў слова супадаюць з паказаньнямі міліцыянта Вадзіма Якімчыка. Гарбачэўскі патлумачыў, што сьледчы запісваў з ягоных словаў.
Пасьля гэтага быў дапытаны іншы сьведка, актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандра Таўстыка. Ён пацьвердзіў паказаньне Парсюкевіча, што міліцыянт Дулуб уварваўся у камэру, у зьняважлівай форме загадаў падняцца, ударыў па нагах Парсюкевіча, вывеў яго з камэры, а праз 10 хвілінаў усе пачулі крыкі “Помогите, убивают!”. Таўстыка заявіў, што Аляксандра Дулуб, які прызнаны ў справе пацярпелым, баіцца адказнасьці за свае дзеяньні, таму паклёпнічае на Парсюкевіча.
11.50 Пачынаецца працэс. Прывялі С.Парсюкевіча У двары суда стаіць аўтазак. У залі суду некалькі супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. Прысутнічаюць сваякі, прадпрымальнікі.
Працэс над прадпрымальнікам Сяргеем Парсюкевічам пачаўся ў Маскоўскім судзе Менску 22 красавіка. Яго вінавацяць у зьбіцьці міліцыянта. Максымальнае пакараньне паводле гэтага абвінавачаньня – да шасьці гадоў зьняволеньня.