Студэнты стаялі з плякатам “Спыніць палітычна матываваныя выключэньні” і карыкатурамі.
Менавіта ў Вене зараз вучыцца скандальна выключаная з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяна Хома. У 2005 годзе яна ўдзельнічала ў зьезьдзе эўрапейскага студэнцкага зьвязу ў Францыі і была выключаная за тое, што паехала туды без дазволу рэктара. Студэнты, якія стаялі ў пікеце, паводле рашэньня арганізатара канфэрэнцыі атрымалі слова і ў залі. Яны заклікалі прысутных крытычна паставіцца да выступу прафэсара Шымава. І хаця аўдыторыя слухаць выступ не адмовілася, выступаць рэктару Шымаву прыйшлося на фоне лёзунгу пратэсту супраць перасьледу студэнтаў.
У сваім сёньняшнім камэнтары для Радыё Свабода рэктар У.Шымаў сказаў, што ён дзейнічаў у адпаведнасьці з законам аб вышэйшай адукацыі і правіламі ўнутранага распарадку і што Т.Хома працягвае выкарыстоўваць свой выпадак , каб “насіць сарафан палітычна рэпрэсаванай”.
Галоўная дыскусія на канфэрэнцыі прысьвечаная стану палітычных і эканамічных элітаў Беларусі , пошукам грунту для дыялёгу ўладаў і грамадзянскай супольнасьці, а таксама праектам супрацоўніцтва заходніх інвэстараў зь Беларусьсю. Так, кіраўнік афіцыйнага аналітычнага цэнтру ЭКАОМ Сяргей Мусіенка ў сваім выступе прапанаваў у якасьці такога праекту ўзьвядзеньне пад Баранавічамі манумэнта ахвярам Першай Сусьветнай вайны, па прыкладзе лініі Сталіна. Падставай меў бы стаць факт, што ў гэтых мясьцінах некалі праходзіла лінія фронту, дзе палеглі і шмат ахвяраў з 12 аўстрыйскага корпуса.
Прафэсар Леанід Заіка быў бліжэйшым да сучаснасьці і назваў тры галоўныя пункты, якія, на яго думку, могуць зацікавіць аўстрыйскі бізнэс у Беларусі: нафтапрадукты, угнаеньні, малако. На думку Заікі, калі сёньня замежны інвэстар разумна ўкладзе ў эканоміку Беларусі 20 тысяч эўра,то праз 7-8 гадоў гэта будзе мільён.
Практычна ўсе ўдзельнік канфэрэнцыі з аўстрыйскага боку дэманстравалі сваю дасьведчанасьць пра апошнія падзеі ў Беларусі. Спадар Дутлік, кіраўнік інфармацыйнага офісу Эўракамісіі ў Вене ізноў нагадаў, што Эўразьвяз чакае вызваленьня А.Казуліна і што патрабаваньне вызваленьня ўсіх палітвязьняў не адклікаецца і не можа быць зьмененае.
І яшчэ пра сымбалічны фон канфэрэнцыі. Размова пра шляхі каапэрацыі і дыялёгу праходзіць у будынку Аўстрыйскай дыпляматычнай акадэміі разам з выставай фотаплякатаў Алены Адамчык “Беларускі”. Сьцяг ля стала прэзыдыюму мне спачатку здаўся беларускім – толькі на самой справе гэта было палотнішча сьцягу аўстрыйскага, дзе камбінацыя палосак чырвона-бела-чырвоная.
Прадстаўнік АБСЭ чытае студэнцкую ўлётку
>Фота: Тацяна Аляксеева