Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 чалавек пакаралі штрафамі і арыштамі


Ад 10 раніцы да 8 вечара ў раённых судах Менску судзілі затрыманых учора ўдзельнікаў сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР.


У Дзень Волі супрацоўнікі міліцыі ачапілі плошчу Якуба Коласа, заплянаванае арганізатарамі месца збору людзей. Тая група, якая знаходзілася каля будынку рэдакцыі “Вячэрні Мінск” і складалася ў асноўным з актывістаў моладзевых незарэгістраваных арганізацый, пайшла на прарыў кардонаў міліцыянтаў. У выніку салдаты ўнутраных войскаў абкружылі натоўп.
Білі ззаду. Гэта было папросту па-шакальску

Паводле міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, 25 сакавіка было затрымана 88 чалавек. У часе затрыманьня некалькі ўдзельнікаў акцыі атрымалі траўмы.

Затрыманых судзілі ў судах Партызанскага, Маскоўскага, Савецкага і Заводзкага раёнаў. У выніку судовых разглядаў 28 чалавек арыштавалі на тэрмін ад 3 да 15 сутак. 42 чалавекі пакаралі штрафамі ад 175 тысяч да 1 мільёну 50 тысяч рублёў.

Разгляд справы фотакарэспандэнта “Нашай Нівы” Андрэя Лянкевіча перанесьлі на заўтра. Ён казаў судзьдзі, што выконваў рэдакцыйнае заданьне. Судзьдзя вырашыла заўтра ўдакладніць, які статус мае газэта. Калегу Андрэя Сямёну Печанку менш пашанцавала - яго арыштавалі на 15 сутак.

Справу Зьмітра Ясевіча перанесьлі на заўтра, бо ў міліцыянтаў не было пашпарту хлопца. Заўтра яго прывязуць у суд Заводзкага раёну. Маці Зьмітра аштрафавалі на мільён 50 тысяч рублёў у Партызанскім судзе. Натальля Ясевіч апавяла, што мела пры сабе грошы на будаўніцтва. Міліцыянты выклікалі здымачную групу БТ, расклалі перад імі на стале гэтыя грошы і казалі, што жанчына несла даляры для “Маладога фронту”.

У судах людзі казалі, што міліцэйскія кіраўнікі мелі на руках сьпісы найбольш актыўных апазыцыянэраў. Назіральнікі адзначаюць, што менавіта найбольш вядомых міліцыянтам і судзьдзям моладзевых актывістаў пакаралі арыштамі ад 10 да 15 сутак.

У кожным судзе сярод затрыманых былі людзі са сьлядамі пабоеў на твары. Учора было шмат выклікаў хуткай у міліцыю. Зь дзясятак чалавек самастойна прыйшлі ў шпіталь, дзе ім аказалі дапамогу.

Актывісту незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрасю Карэтнікаву зашылі рану на галаве.

“Спрабавалі зьбіць мяне з ног. Білі ззаду, білі накладнымі пальчаткамі... Адчуў удар дубінкай. Магчыма, ёй мне й расьсеклі галаву. Спэцназаўцы паводзілі сябе ня тое, што ня як афіцэры, а ўвогуле не па-мужчынску. Таму што яны зьбівалі жанчын, зьбівалі дзяцей... Білі ззаду. Гэта было папросту па-шакальску”.

У судах высьветлілася, што затрымлівалі людзей салдаты ўнутраных войскаў з Гомеля і Магілёва. Пад час судовых працэсаў сваякам арыштаваных не ўдалося перадаць ім цёплыя рэчы і харчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG