15 сутак адміністрацыйнага арышту — сёньня гэты прысуд адносна моладзевых актывістаў у Партызанскім судзе Менску быў самым частым. Першым яго атрымаў актывіст Уладзімер Сяргееў. Судзьдзя Вераніка Абрамовіч палічыла хлопца вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці. Сам Уладзімер віны не прызнаў.
“На абвінавачваньне мяне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці я нагадаю, што Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду сходаў і дэманстрацыяў, тым больш калі гаворка ідзе пра ўрачыстае сьвяткаваньне ўгодкаў БНР”.
Дзеяньні міліцыі, якая заблякавала выйсьце з плошчы Якуба Коласа людзям з кветкамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі, Уладзімер назваў “незаконнымі”.
Супроць актывіста сьведчылі міліцыянты Зьміцер Рыбакоў і Юры Сяргееў. Яны блыталіся ў паказаньнях адносна таго, у якім месцы праспэкту Незалежнасьці затрымалі актывіста і ў які бок ішла калёна дэманстрантаў. Гэтую блытаніну міліцыянты патлумачылі тым, што яны не тутэйшыя, а з Магілёву, служаць у асобнай роце хуткага рэагаваньня Магілёўскага аблвыканкаму. Абодва адмаўлялі, што зьбівалі затрыманых. ”Сяргеева я папрасіў прайсьці ў аўтобус на гутарку, і ён добраахвотна пайшоў”, — казаў магілёўскі міліцыянт Зьміцер Рыбакоў.
Падобны сцэнар працэсу паўтарыўся праз гадзіну з удзелам Артура Фінькевіча і сьведкаў-міліцыянтаў Сяргея Карнеева і Мікалая Каташова, таксама з Магілёву. Тое, што Артур Фінькевіч быў моцна зьбіты, было добра відаць па ягоным твары: левае вока пакрыла пухліна, вусны разьбітыя да крыві. Але сьведка Мікалай Каташоў настойваў: “Я ўвогуле чалавек мірны, нікога не зьбіваю, і Фінькевіча таксама. Ён сам зрабіў пасадку ў аўтобус”.
У перапынку Артур Фінькевіч патлумачыў, што яго зьбілі падчас затрыманьня. Яшчэ больш, казаў Фінькевіч, ад міліцыянтаў дасталася Зьмітру Дашкевічу.
“У яго значна горш усё выглядае. Там усе колеры вясёлкі на твары. Большасьць удараў атрымалі, калі прарываліся празь міліцэйскі ланцуг”.
Судзьдзя Мар’яна Ваўчкова асудзіла Артура Фінькевіча таксама на 15 сутак арышту.
Паводле непаўналетняй актывісткі Алены Макарэвіч, некаторых затрыманых зьбівалі ў міліцэйскім аўтобусе. Што да яе самой, дык ёй дасталася ў Партызанскім райаддзеле міліцыі.
“Мне заламалі рукі, паклалі на падлогу, селі на галаву, пачалі душыць, зьбіваць па целе. Потым кінулі і пайшлі. Я ляжу, плачу, а ім хоць бы што”.
Да вечара ў Партызанскім судзе маюць судзіць актывістаў Зьмітра Дашкевіча і Касю Галіцкую. Пра вынікі гэтых працэсаў стане вядома пазьней. Актывіста Андрэя Беліка суд арыштаваў на трое сутак, а Кацярыну Салаўёву — на 5 сутак.