Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары Дня Волі: “Агрэсія ўлады — прыкмета яе слабасьці”


Заяўнікі акцыі перш за ўсё адзначаюць брутальнасьць паводзін міліцыі пры разгоне мірнай маніфэстацыі і выказваюць думку пра неабходнасьць новых формаў апазыцыйных акцыяў.

Няпраўда, не зьбіраюцца яны лібэралізавацца


Паводле Аляксандра Мілінкевіча, учорашні разгон мірных дэманстрантаў, зьбіцьцё, арышты — прыкмета слабасьці ўлады, яе крывадушнасьці і цынізму.

“Улада рабіла такія захады, што, маўляў, яна хоча зьмяняцца, лібэралізавацца, і многія паверылі ў гэта ў нашай краіне і за мяжой... Гэта няпраўда, не зьбіраюцца яны лібэралізавацца. Ім патрэбныя грошы, вось яны і робяць выгляд. А ўчора ня вытрымалі нэрвы... Я думаю, такога жорсткага зьбіцьця за апошнія 10 гадоў не было”.

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі перакананы, што ўчора беларуская ўлада зрабіла чарговы крок убок ад Эўропы, брутальна разагнаўшы мірную акцыю:

“Для чаго гэта было зроблена, мне сказаць цяжка, ці гэта Расеі трэба было паказаць, ці каму яшчэ”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька бачыць ва ўчорашніх падзеях пазытыўны момант, бо дзеяньні ўраду Лукашэнкі зноў прыцягнулі міжнародную ўвагу да сытуацыі ў Беларусі:
Хто быў — заўважыў, што былі або зусім маладыя людзі, альбо пэнсіянэры

“Дзякуючы ягонай дапамозе, мы зможам беларускае пытаньне з разьдзелу “рознае” перавесьці ў асноўны парадак дня. Гэта той пазытыў, які быў дасягнуты вялікай цаной. Разьбітымі галовамі, пабітымі ныркамі, масавымі арыштамі”.

Гэтак заявіў Анатоль Лябедзька. Іншы заяўнік акцыі на Дзень Волі — Лявон Баршчэўскі — кажа, што, зыходзячы з намаганьняў арганізатараў, у акцыі магло ўдзельнічаць і болей людзей:

“Канечне, страх ёсьць у людзей, асабліва страх страціць працу. Асабліва ў сярэдняга ўзросту. Хто быў — заўважыў, што былі або зусім маладыя людзі, альбо пэнсіянэры. Сярэдні ўзрост, на жаль, падвёў”.

Лявон Баршчэўскі пры гэтым прызнаў, што і арганізатары акцыі ў экстрэмальных умовах не ўва ўсім спрацавалі, як хацелі. Іншы заяўнік, Аляксандар Мілінкевіч, прызнае, што каардынацыя дзеяньняў арганізатараў была не на належным узроўні. А Мікола Статкевіч кажа, што ўвогуле апазыцыі неабходныя новыя формы і падыходы:

“Патрэбныя арыгінальныя нечаканыя крокі, і пара ўжо кінуць гэтую завядзёнку наконт абавязковай падачы заявак і паходаў па коле... пара шукаць новыя падыходы”.
Пара ўжо кінуць гэтую завядзёнку наконт абавязковай падачы заявак і паходаў па коле

Так сказаў Мікола Статкевіч. А вось Віктар Івашкевіч ня бачыць памылак у дзеяньнях апазыцыі і цалкам задаволены вынікамі ўчорашняй акцыі:

“Дэманстрацыя робіцца ўдалай, калі пра яе даведваецца максымальная колькасьць людзей... Ці таму, што яна яскравая і прыгожая, ці таму, што гэта дэманстрацыя зьвярынага выскалу ўлады. Вось яно і атрымалася, як ёсьць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG