Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта ня выбачыцца перад Жалезьнічэнкам без суду


Газэта “Гомельская праўда” ня будзе друкаваць абвяржэньне публікацыі пра Зьмітра Жалезьнічэнку без судовага разьбіральніцтва.


Сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Мікалай Крупадзёраў правёў папярэдняе слуханьне па зыску маці паўторна адлічанага з унівэрсытэту імя Ф.Скарыны студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнкі супраць рэдакцыі абласной газеты “Гомельская праўда”.

Ала Жалезьнічэнка праз суд абараняе гонар і годнасьць сына, які цяпер служыць у транспартных войсках у Жлобіне.

У пазове маці Жалезьнічэнкі ўказала, што 9 лютага г.г. у “Гомельскай праўдзе” апублікаваны артыкул за подпісам Ю.Чарот “Не хочу в солдаты, хочу в “демократы”. Як сказана ў пазове, аўтар у глыбока абражальнай форме прыпісвае Зьмітру “ня толькі амаральныя, але нават злачынныя дзеяньні”, параўноўвае яго зь некаторымі прызыўнікамі, якія “сымулююць фізычную немач, “падладжваюцца пад дурачка”, хаваюцца ад прызыўной камісіі”.

Паводле А.Жалезьнічэнкі, не адпавядаюць рэчаіснасьці апісаныя ў публікацыі матывы галадоўкі яе сына ў войску і яе спыненьня, некаторыя іншыя падзеі і факты.

Прадстаўніца газэты Алена Аленчанка паведаміла ў судзе, што “Ю.Чарот” – гэта псэўданім, насамрэч аўтаркай артыкулу “Не хочу в солдаты, хочу в “демократы” зьяўляецца яна сама.

Публікаваць абвяржэньне без судовага разьбіральніцтва Алена Аленчанка адмовілася.

Судовае паседжаньне аб абароне гонару й годнасьці Зьмітра Жалезьнічэнкі ў зьвязку з публікацыяй у “Гомельскай праўдзе” прызначана на 20 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG