"Мы абсалютна не прымаем, калі Эўразьвяз пачынае скакаць пад дудку ЗША. Нам не падабаецца, калі эўрапейскія палітыкі пазыцыянуюць сябе як незалежныя, а калі даходзіць да сур'ёзных пытаньняў -- прыстройваюцца ў кільватэр амэрыканскай палітыкі", -- сказаў кіраўнік Беларусі.
Паводле яго, ціск Захаду на Беларусь прывядзе да яшчэ большага яе збліжэньня з Расіяй. "Думаю, блізкім часам, пры такім масіраваным націску Захаду на Беларусь, нашы адносіны з Расеяй будуць яшчэ больш цесныя" – заявіў Лукашэнка.
Гаворачы аб адносінах Расеі з ЗША і Эўразьвязам, ён падкрэсьліў, што "Расея выкарыстоўвае свае рычагі, каб пазыцыянаваць сябе як вялікую ядзерную дзяржаву, хоча, каб з ёй размаўлялі на адпаведнай мове".
Паводле кіраўніка Беларусі з дэмакратыяй у Беларусі ўсё у парадку, ня горш чым на бацькаўшчыне журналістаў аўстрыйскага агенцтва, якія задавалі яму пытаньні. "Дэмакратыя ў Беларусі такая ж, як і ў Аўстрыі, амаль адзін к аднаму. Дэмакратычныя каштоўнасьці ў Беларусі ня менш высокага ўзроўню, чым у любой іншай эўрапейскай краіне" -- сказаў кіраўнік Беларусі.
"Дык чаго ж яшчэ не хапае ў дэмакратычным партрэце Беларусі? Што яшчэ трэба Эўропе ад Беларусі?" -- дадаў Лукашэнка.