“Калі мы ідзем на нейкія кампрамісы з нашымі суседзямі, з амэрыканцамі, з Эўразьвязам па пэўных накірунках, гэта не азначае, што мы мяняем палітыку, яна ў нас вызначаная”, – заявіў А.Лукашэнка. “У нас няма той сілы, перад якой мы можам сёньня дрыжаць, прыніжацца і прагінацца. Мы стварылі з вамі гэтую дзяржаву, мы павінны яе абараніць. А ціснуць на нас будуць з усіх бакоў”.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што ў зьнешняй палітыцы “ніякіх кардынальных зьменаў няма і ня можа быць. У апошні час усё часьцей гучаць галасы з розных бакоў, што Беларусь кардынальна мяняе сваю зьнешнюю палітыку. Мы праводзім акуратную зьнешнюю палітыку, і калі мы дзесьці ідзем на кампрамісы, як у апошні час з Эўразьвязам, то я б не сказаў, што мы памянялі вэктар нашай зьнешняй палітыкі і спрабуем, як некаторыя кажуць, заігрываць з Захадам”.
Лукашэнка заявіў, што трэба выбудоўваць нармальныя адносіны з суседзямі, але дадаў, што “калі штосьці супярэчыць нашаму заканадаўству, то як бы нас ні ціснулі і ні цкавалі, мы на гэта ня пойдзем і ад сваёй пазыцыі прынцыпова не адступім”.