Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Кійко: “З гонарам зноў усталюем нацыянальны сьцяг”


Пра Беларускую Народную Рэспубліку -- былы палітвязень, мастак Рыгор Кійко.


Чым ёсьць угодкі абвяшчэньня БНР для Беларусі сёньняшняй? Як лепей, на погляд знаных беларусаў, адзначаць дату? Сёньня з развагамі на гэтую тэму – мастак-кераміст, сябра Беларускага саюзу мастакоў, адзін зь першых беларускіх палітзьняволеных Рыгор Кійко. За сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка 1997 году Рыгор Кійко быў асуджаны Менскім гарадзкім судом на два гады пазбаўленьня волі з прымусовымі працамі («хімія»). Быў абвінавачаных у хуліганскіх дзеяньнях. Гэта адзін зь першых жорсткіх выракаў за палітычную актыўнасьць.

Карней: “Спадар Рыгор, традыцыйнае ўжо для нашых суразмоўцаў пытаньне: як Вы мяркуеце адзначыць Дзень Волі сёлета?”

Кійко: “Думаю, калі ўладамі будзе забароненая акцыя, то мы – наша партыя, сябры, знаёмыя – прыйдзем і ўскладзем кветкі ля помніка Янку Купалу. І ўжо ў тым будзе наша, як кажуць, перамога. Бо зараз улада мае вялікія мускулы, але я этап змаганьня ўжо прайшоў, мы мірным шляхам будзем сваю справу весьці. І мы пераможам. Жыве Беларусь!”.

Карней: “Што Вы ўкладаеце ў Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі? Што для Вас асабіста Дзень Волі?”

Кійко: “Для мяне гэта вельмі вялікае сьвята. Мы не выпадкова змагаліся за яго яшчэ 11 гадоў таму, калі трапілі пад міліцэйскія дубінкі. Але за столькі часу яны зламаць нас ня здолелі. Рэжым нас усё ж ня змог зьнішчыць, мы тут засталіся і змагаемся, толькі зараз мы змагаемся інакш. Мы ўжо людзей пад дубіны ня водзім, а праводзім культурна-асьветніцкую працу. Змагаемся мірнымі шляхамі, але больш эфэктыўна. І наша справа -- а я зараз сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – працаваць з моладзьдзю. Перадусім вывучаем гісторыю, бо, як нас вучылі ў савецкі пэрыяд, гісторыя Беларусі пачалася нібыта ад 1917 году. Але нашай гісторыі нашмат болей, і гэта ўжо моладзь усьвядоміла. Гэта ня тое, што нашае пакаленьне раней ня ведала ні пра сьвятыні нашы, ні пра іншыя каштоўнасьці... Я, дарэчы, ведаю, дзе знаходзіцца бел-чырвона-белы сьцяг, якія стаяў у Вярхоўным Савеце. Прыйдзе час, калі мы яго зноў усталюем з гонарам”.

Рыгор Кійко нарадзіўся 27 чэрвеня 1951 году ў вёсцы Цалуйкава Луганскай вобласьці Ўкраіны. У 1980 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Мастак-кераміст. У Беларускім Народным Фронце ад моманту яго ўтварэньня. Пасьля расколу ў 1999 годзе – сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Жанаты, мае дваіх дачок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG