Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын С.Парсюкевіча баіцца патрапіць у дзіцячы дом


Навіны пра беларускіх палітвязьняў.


Празь дзесяць дзён споўніцца два гады з часу зьняволеньня Аляксандра Казуліна. З гэтага тэрміну болей за паўтара года былога кандыдата на прэзыдэнта трымаюць у віцебскай калёніі “Віцьба-3”.

У аўторак альбо сераду, каб праведаць Аляксандра Казуліна, у калёнію паедзе адвакат Зьміцер Гарачка. Пра гэта паведаміла Вольга Казуліна.

Вось што дачка палітыка распавяла пра мэты візыту:

“Трэба падрыхтаваць заяву пра доўгатэрміновае спатканьне, якое ў нас наперадзе. Таксама высьветліць, якое да бацькі стаўленьне пасьля таго, як ён адмовіўся зьяжджаць ў Нямеччыну. І, канечне, як ягонае здароўе”.

Вольга Казуліна сказала, што ў Страсбургу дэпутатам Эўрапарлямэнту быў перададзены зварот вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў Беларусі і сьвету аб намінацыі Аляксандра Казуліна на прэмію ў галіне правоў чалавека імя Андрэя Сахарава. “Там, у Страсбургу, зварот падпісала і кіраўніца Рады БНР Івонка Сурвіла”, – паведаміла Вольга Казуліна.

Сяргея Парсюкевіча трымаюць у камэры, дзе на ўсіх вязьняў не хапае ложкаў. “Ён сьпіць да паловы ночы, а потым саступае месца іншаму вязьню”, – паведаміла жонка Парсюкевіча Натальля.

Нагадаю, супраць прадпрымальніка зь Віцебску, які ўдзельнічаў у мітынгу пратэсту 10-га студзеня, завялі крымінальную справу. Яго абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта, нібыта зробленым падчас адбыцьця арышту ў турме на Акрэсьціна.

Паводле Натальлі Парсюкевіч, перасьлед бацькі адчувае нават іх непаўнагадовы сын.

“Ужо дзяцёнак кажа: мама, нікуды і пішы, не пратэстуй, не зьвяртайся. А то і цябе пасадзяць, а мяне зьмесьцяць у дзіцячы дом”.

Учора судзьдзя Маскоўскага суду Ўнукевіч адмовілася да суду вызваліць Сяргея Парсюкевіча са сьледчага ізалятару.

Актывіста Андрэя Кіма таксама трымаюць у чаканьні суду на “Валадарцы”. 17-га сакавіка да яго пойдзе адвакат Тамара Сідарэнка. Яны пачнуць знаёміцца з другой крымінальнай справай, заведзенай на Андрэя.

Пакуль адвакат гэту справу не камэнтуе, спасылаючыся на недахоп дадзеных. Тамара Сідарэнка будзе абараняць Андрэя Кіма і паводле першай крымінальнай справы, заведзенай пасьля мітынгу прадпрымальнікаў у лютым. У гэтай справе актывіста абвінавацілі ў гвалтоўных дзеяньнях. Адвакат з гэтым нязгодная:

“Лічу, што там няма доказаў ягоных гвалтоўных дзеяньняў, нанясеньня камусьці шкоды. Гэта мая пазыцыя. Мяркую, яна падмацаваная”.

Нагадаем, вызваленьня Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, як і прызнанага вязьнем сумленьня Аляксандра Казуліна патрабуюць ня толькі беларускія праваабаронцы і апазыцыя, але і кіраўніцтва краін Эўразвязу і ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG