Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Парсюкевіч запатрабаваў дапытаць міліцыянта на дэтэктары ілжы


Навіны пра беларускіх палітвязьняў.


7-га сакавіка пракуратура Маскоўскага раёну Менска пакінула бяз зьмены меру стрыманьня для віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча. На што спаслаліся з пракуратуры, пытаюся ў адваката Веры Страмкоўскай, якая абараняе прадпрымальніка.

“Бо санкцыя артыкулу, паводле якога абвінавацілі майго падабароннага, прадугледжвае значнае пакараньне – болей за два гады пазбаўленьня волі”, – паведаміла Вера Страмкоўская.
Калі б я не паклікаў на дапамогу, мяне маглі б забіць.


Нагадаю, Сяргея Парсюкевіча абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта. Максымальнае пакараньне за гэта злачынства – 6 гадоў зьняволеньня.

Сам прадпрымальнік кажа, што насамрэч зьбівалі яго – гэта нібыта адбылося ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе Сяргей Парсюкевіч адбываў адміністрацыйны арышт пасьля удзелу ў мітынгу прадпрымальнікаў у Менску. “Калі б я не паклікаў на дапамогу, мяне маглі б забіць”, – распавёў на волі Сяргей Парсюкевіч. Ён лічыць, што крымінальную справу супроць яго завялі, каб апраўдаць незаконныя дзеяньні супрацоўніка міліцыі.

Паводле Веры Страмкоўскай, 7-га сакавіка Сяргей Парсюкевіч запатрабаваў дапытаць на дэтэктары ілжы міліцыянта, які сьцьвярджае, што яго нібыта пабіў прадпрымальнік. У той жа дзень Сяргея Парсюкевіча перавялі з ізалятару на Акрэсьціна ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.

Таксама сёньня ў Віцебску сярод дэмакратычных актывістаў і прадпрымальнікаў абвешчаны збор сродкаў для падтрымкі сям'і Сяргея Парсюкевіча, паведамляе БелаПАН. Адміністрацыя Смаленскага рынку палічыла вымушаную адсутнасьць прадпрымальніка "парушэньнем працоўнай дысцыпліны" і пазбавіла яго права карыстаньня гандлёвым месцам.

Актывісту Андрэю Кіму выставілі другое абвінавачаньне

Супраць Андрэя Кіма завялі другую крымінальную справу. Юнака абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. Актывістка Крысьціна Шацікава мяркуе, што гэта сьведчыць пра адсутнасьць доказаў віны паводле першай справы.
Другая справа заведзеная таму, што па першай няма доказаў. А суд трэба праводзіць, бо набліжаецца 25-е сакавіка.


“Маё ўласнае меркаваньне, што другая справа заведзеная толькі таму, што па першай няма ніякіх доказаў. А суд трэба праводзіць, бо набліжаецца 25-е сакавіка. Карацей, зноў нейкае глупства”.

З Андрэем Кімам ў ізалятары сустракалася ягоная маці, Тацяна Кім. “Сын на ўмовы ўтрыманьня ня скардзіўся і ўсяляк мяне падтрымліваў”, – кажа Тацяна Кім. Андрэю Кіму пагражае турэмнае зьняволеньне.

Аляксандар Казулін зь віцебскай калёніі даслаў ліст дочкам Вользе і Юлі. Юля Казуліна пагадзілася працытаваць радкі з гэтага ліста.

“Напісаў, што яму наша мама прысьнілася, што размаўляў зь ёй. Піша, каб мы яму часьцей пісалі, бо ён застаўся для нас і татам, і маці. Што нават можна яму тэлеграмы дасылаць, як у нас справы, каб ён ведаў. І просіць нас берагчы сябе”.

Пра сябе Аляксандар Казулін напісаў, што ў яго справы ідуць нармальна, пасьля вяртаньня з пахаваньня жонкі Ірыны ён увайшоў у звыклы рытм турэмнага жыцьця, паведаміла Юля Казуліна.

Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін адбывае пакараньне 5,5 гадамі зьняволеньня за арганізацыю акцый пратэсту супроць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2006-га года. У Беларусі і сьвеце дамагаюцца вызваленьня А.Казуліна, якога лічаць палітвязьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG