Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якіх умовах утрымліваюць Сяргея Парсюкевіча?


Віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча суд пакінуў пад вартай у сьледчым ізалятары, нягледзячы на хваробу сэрца. Што вядома пра ўмовы ўтрыманьня актывіста?


14 сакавіка Маскоўскі суд разгледзеў скаргу адваката Веры Страмкоўскай адносна зьмены меры стрыманьня для прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча, якога арыштавалі 4 сакавіка. Судзьдзя Ўнукевіч пастанавіла не мяняць меру стрыманьня і пакінула яго пад вартай. Што думае пра гэта адвакат Страмкоўская?

“На жаль, пакуль аргумэнты мае і майго падабароннага на суд ня дзейнічаюць. Нам трэба будзе далей змагацца, каб адносна лёсу Сяргея Парсюкевіча было прынятае адзінае законнае рашэньне — вызваленьне. Ён працягвае настойваць на тым, што невінаваты”.

Нагадаем, у студзені Сяргей Парсюкевіч адбыў у менскай турме на Акрэсьціна адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Пасьля выхаду на волю распавёў, што ў турме яго жорстка зьбілі. “Мяне маглі забіць, калі б я не паклікаў дапамогу”, — заявіў Сяргей Парсюкевіч. 4 сакавіка актывіста выклікалі на допыт і арыштавалі паводле падазрэньня ў нападзе на прапаршчыка міліцыі Аляксандра Дулуба. “Справу могуць сфабрыкаваць, каб апраўдаць беззаконьні з боку міліцыі”, — казаў перад арыштам Сяргей Парсюкевіч. Учора, 13 сакавіка, прадпрымальніку выставілі абвінавачаньне. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Як пачуваецца Сяргей Парсюкевіч у менскім сьледчым ізалятары?

Жонка прадпрымальніка Натальля распавяла, што ўчора да яе мужа выклікалі лекараў, бо яму стала дрэнна з сэрцам. “Пэўна, хвароба выклікана тым, што Сяргей вельмі балюча перажываў завядзеньне справы. Асабліва тое, як зь ім абышліся ягоныя былыя калегі-міліцыянты”, — мяркуе Натальля. Нагадаем, да таго, як стаць індывідуальным прадпрымальнікам, Сяргей Парсюкевіч быў міліцыянтам, звольніўся са службы ў званьні маёра.

У камэры, дзе трымаюць Сяргея Парсюкевіча, паводле ягонага ліста дадому, яшчэ 12 чалавек. Умовы там дрэнныя, кажа жонка прадпрымальніка.

“У яго ложак на дваіх. Спачатку ноччу сьпіць ён, а пад раніцу — другі чалавек. Добра не адпачнеш. Спадзявалася, што яго ўсё ж адпусьцяць з ізалятару, і адвакат пісала скаргу, але бачу, што не зьбіраюцца”.

Вера Страмкоўская паведаміла, што Сяргей Парсюкевіч ужо пачаў знаёміцца са сваёй справай. Адвакат мяркуе, што неўзабаве справу перададуць у суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG