Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое актывістаў пад падпіскай пра нявыезд, адзін — пад вартай


Прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча затрымалі на трое сутак на час сьледчых дзеяньняў.


Яго падазраюць у гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўніка турмы на вуліцы Акрэсьціна. Праз трое сутак сьледчы пракуратуры Маскоўскага раёну павінен вызначыцца — прад’явіць абвінавачаньне ці вызваліць затрыманага з-пад варты.

Тым часам у сьледчым камітэце абвінавачаньне ў грубым парушэньні грамадзкага парадку, зьдзейсьненым нібыта 10 студзеня, прад’явілі актывісту незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Уладзімеру Сяргееву, актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхасю Крываву і Міхасю Пашкевічу.

Актывіст прадпрымальніцкага руху Сяргей Парсюкевіч знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Сёньня раніцай ён наведаў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску, якая разглядае заяву міліцыянта Аляксандра Дулуба. Міліцыянт абвінавачвае прадпрымальніка ў гвалтоўных дзеяньнях. Паводле прапаршчыка Дулуба, Сяргей Парсюкевіч зьбіў яго 21 студзеня, адбываючы 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Адвакатка Сяргея Парсюкевіча Вера Страмкоўская паведаміла “Свабодзе”:

“Пацярпелым у гэтай справе лічыцца Дулуб, а тыя довады, якія былі пададзеныя Парсюкевічам, яшчэ не дасьледаваліся. Толькі сёньня мы прынесьлі сьледчаму швэдар і фуфайку, у якую ён быў апрануты, з той крывёю, якая там ёсьць, і з тымі пашкоджаньнямі, якія там бачныя”.

Калі Сяргея Парсюкевіча абвінавацяць у гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі, то гэта будзе другая крымінальная справа пасьля справы Андрэя Кіма, распачатая супраць апазыцыянэраў на падставе заяваў міліцыянтаў.

Тым часам у сьледчым камітэце, дзе расьсьледуецца крымінальная справа, распачатая на загад міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава паводле падзеяў 10 студзеня, прад’явілі абвінавачаньні актывісту незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Уладзімеру Сяргееву і двум актывістам АГП — Міхасю Крываву і Міхасю Пашкевічу.

Уладзімер Сяргееў ня лічыць сябе вінаватым. Даваць паказаньні ў крымінальнай справе ён адмовіўся. Уладзімер заявіў “Свабодзе”:

“Перад надыходам масавых акцыяў улады намагаюцца ўзяць пад кантроль як мага большую колькасьць актывістаў. А крымінальная справа — гэта, бадай, самы надзейны варыянт. Я не выключаю такой мажлівасьці, што 25 сакавіка мяне могуць трымаць пад вартай, каб я ня змог удзельнічаць у дэманстрацыі”.

Актывіст АГП Міхась Пашкевіч лічыць, што крымінальную справу распачалі ня толькі дзеля таго, каб запалохаць моладзь напярэдадні вулічных акцый:

“Гэта папросту больш сур’ёзная праца з моладзьдзю. Міліцыя “добра” працуе. Яна пачынае рабіць прафіляктыку. Яна не чакае, пакуль вырастуць новыя Севярынцы ды Дашкевічы. Яна загадзя выразае ўсё пад корань”.

Гаворыць Міхась Крываў:

“Я заўсёды прызнаваў, што я ўдзельнічаў у акцыі 10 студзеня. За гэта я адседзеў 15 сутак у нечалавечых умовах на Акрэсьціна. Атрымліваецца, што мяне двойчы судзяць за адно і тое ж дзеяньне”.

З хлопцаў узялі падпіску пра нявыезд.

Паплечнікі Андрэя Кіма паведамілі “Свабодзе”, што Андрэю таксама прад’явілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе, распачатай паводле падзеяў 10 студзеня.

У крымінальнай справе ў якасьці падазраваных фігуруюць актывісты “Маладога фронту”, “Ініцыятывы”, АГП, сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, руху “За свабоду” — усяго 10 асобаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG