Міліцыянты затрымалі актывістаў за распаўсюд улётак са зьвесткамі пра сьмерць Ірыны Казулінай і пра тое, што палітвязьня Аляксандра Казуліна не пускаюць на пахаваньне жонкі. Яны расцанілі гэтыя дзеяньні як несанкцыянаванае пікетаваньне.
Паводле Алены Залескай, якая была ініцыятаркай жалобнай акцыі, судзьдзя Ала Бардзюкова вырашыла не разглядаць складзеныя міліцыянтамі пратаколы, бо ня ўбачыла ў гэтых матэрыялах складу апісанага правапарушэньня. Пратаколы яна загадала адправіць у РАУС, каб там іх або дапрацавалі, або ўвогуле зьнішчылі як несапраўдныя.
Новай даты працягу судовага разьбору суддзя не прызначыла і запісаць адрасы апазыцыянэраў, каб пазьней даслаць позвы, таксама адмовілася.
На думку Барыса Хамайды, працягу судовага працэсу ня будзе, бо 25 лютага, калі вырашалася пытаньне пра часовае вызваленьне Аляксандра Казуліна для ўдзелу ў пахаваньні жонкі, палітычная сітуацыя ў краіне была куды больш напружаная.
Суд быў перанесены з тае прычыны, што Барыс Хамайда запатрабаваў перакладчыка, заявіўшы, што не разумее дакладна сэнсу пытаньняў судзьдзі, якая размаўляе па-расейску. Аднак сёньня перакладчык ужо не спатрэбіўся.