Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіча затрымлівалі чатыры разы


Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся даваць пісьмовыя сьведчаньні ў аддзеле міліцыі Маскоўскага раёну Берасьця. Паводле апошніх паведамленьняў, А.Мілінкевіч цяпер на волі.


Ён патлумачыў міліцыянтам, што прыехаў на Берасьцейшчыну дзеля сустрэчаў з людзьмі, каб адказаць на пытаньні, якія замоўчваюць дзяржчыноўнікі і падуладныя ім сродкі масавай інфармацыі.

У інтэрвію “Свабодзе” Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што будзе і надалей наведваць рэгіёны.

“Мяне не запалохаюць затрыманьні, якія адбыліся сёньня ў Івацэвічах, Кобрыне, Жабінцы і Берасьці абсалютна па надуманых падставах”, – кажа Мілінкевіч.

Заўтра – наступная сустрэча Мілінкевіча ў Кобрыне з жыхарамі гэтага райцэнтра.

Нагадаем, больш як 100 чалавек прыйшлі сёньня на сустрэчу зь лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам у Берасьці.

Ва ўступным слове палітык заявіў, што сёньня ўлада празь міліцыянтаў чыніла перашкоды на яго шляху зь Менску ў Берасьце:

“Гэта маразм улады, — сказаў Аляксандар Мілінкевіч, — яна дэманструе нібыта сваю сілу, а насамрэч запалоханая, што вы пачуеце праўду. Абсалютна з надуманых прычын мяне затрымлівалі ў дарозе і дастаўлялі ў Івацэвіцкі АУС, а пасьля — у Кобрынскі і Жыткавіцкі”.

Пасьля таго як Мілінкевіч скончыў свой выступ, яго затрымалі і завезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну Берасьця, дзе яго спрабавалі дапытаць нібыта па факце арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства. У затрыманьні Аляксандра Мілінкевіча ўдзельнічала некалькі дзясяткаў міліцыянтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG