Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак ў студзені зьнізіўся на 30 тысячаў


Паводле Міністэрства статыстыкі, налiчаны сярэдні заробак рабочых i служачых у студзенi гэтага года склаў 778 тысячаў беларускіх рублёў. Месяц таму, у сьнежні гэтая лічба была 818 тысячаў. Упершыню за апошнія гады заробак зьменшыўся – пры гэтым ажно на 30 тысячаў. Гэта выпадковасьць альбо тэндэнцыя сёньняшняга эканамічнага стану Беларусі? На гэтае ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.


Цыганкоў: «Апошнія гады сярэдні налічаны заробак увесь час падвышаўся ў той ці іншай ступені. Здаецца, упершыню ён упаў, прытым адразу на 30 тысячаў? Наколькі гэта сур’ёзны факт?”

Залескі: “Калі адбыўся газавы крызыс канца 2006 году, паўставала пытаньне, як гэта адаб’ецца на насельніцтве? І вось мой прагноз быў такі, што гэта пачне адбівацца праз 9 месяцаў. Так яно прыкладна і здарылася, можа я памыліўся на месяц – бо з кастрычніка 2007 году пачаў падаць рэальны заробак. То бок намінальны яшчэ падвышаўся, але кошты на тавары ўжо зьядалі гэты нязначны рост.

Але зараз дайшло да таго, што прадпрыемствы настолькі паслабелі, што ўжо не ў стане выплачваць нават намінальны заробак на ўзроўні папярэдняга месяца. Натуральна, першы месяц году заўсёды ня самы ўдалы – там менш працуюць. Але скарачэньне на 30 тысячаў – гэта 15 даляраў, яны і ў Амэрыцы 15 даляраў.

Цыганкоў: “Як з пункту гледжаньня гэтай тэндэнцыі выглядае пэрспэктыва сакральнай лічбы 500 даляраў? Менавіта такім мусіць стаць заробак да 2010 году..”
Залескі: “Не сумняваюся ні на сэкунду. Можа быць – і будзе! – дасягнуты абавязкова. Праблема ж ня ў тым, колькі выплаціць заробак, а колькі з яго потым назад забраць. Калі зрабіць, напрыклад, рэальныя кошты на камуналку, за якую людзі сёньня плацяць 34 працэнты, то можна хоць сёньня 500 даляраў плаціць”.

Цыганкоў: «Але, калі паводле вашых словаў, падвысіць заробак ня так і складана, чаму дзяржава ідзе на зьніжэньне заробку. Няўжо кіраўніцтва не баіцца сацыяльных наступстваў?”

Залескі: “Відаць, не баіцца. Бо гэта ня так і заўважна. Гэта пакуль найбольш балюча адбіваецца на самых бедных. Найперш на кожнай дзясятай сям’і, якія за рысай беднасьці. Гэтыя адчуваць. Вось калі яно далей пацягнецца.. Але яно не пацягнецца. Прадпрыемствы атрымаюць крэдыты, і будуць плаціць грошы, колькі трэба для таго, каб усё было ціха і спакойна. Бо выбары ж сёлета!”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG