Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы заробак беларусаў памерам 1000 эўра?


Аляксандар Лукашэнка ставіць задачу дасягнуць да 2015 году сярэдняга заробку памерам 1000 эўра за месяц. Урад падвышае мінімальны заробак. А міністар працы і сацыяльнай абароны Ўладзімер Патупчык абяцае павялічыць ад 1 лютага памеры пэнсіі. Ці ёсьць паміж гэтымі падзеямі сувязь?


Першым назваў пэрспэктыву беларускага заробку старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч. Начальнік упраўленьня інфармацыі гэтага банку Анатоль Драздоў гаворыць: гэтае заданьне зыходзіць ад Аляксандра Лукашэнкі:

“Так, тысяча. І Пракаповіч сказаў, што такая задача пастаўленая кіраўніком дзяржавы. Ён проста пераказаў словы прэзыдэнта”.

На чым грунтуецца такая ўпэўненасьць, цікаўлюся ў спадара Драздова:

“На пасьпяховай працы нашай эканомікі. Толькі на гэтым”.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў цьвердзіць, што, пачынаючы з 2008 году, працаваць будзе куды складаней:

“Становішча ў беларускай эканоміцы дрэннае. Праелі і праядаем асноўныя фонды. А патрэбна мадэрнізаваць вялікі аб’ём асноўных фондаў у машынабудаваньні, хіміі, лёгкай прамысловасьці. Мы прыйшлі да такога становішча, калі пэрыяд аднаўленчага росту скончыўся, калі кожны працэнт прыросту валавога ўнутранага прадукту будзе дасягацца з большымі намаганьнямі, чым дагэтуль. Вельмі важна разумець, што ідзе новы працэс. Таму спадзявацца на эканоміку – гэта вельмі нерэальна”.

Леанід Злотнікаў нагадвае: пакуль што сярэдні заробак у краіне не дасягае і 250 эўра. А задача ставіцца павялічыць яго ў чатыры разы.

“Гэта немагчыма нават у вельмі добрай эканоміцы, – гаворыць Злотнікаў. – Паглядзіце, як хутка ўсё адбываецца ў Расеі за кошт высокіх усясьветных цэнаў нафты. Але нават яны мяркуюць падвысіць ВУП за 10-12 гадоў удвая. А ВУП – гэта база, зь якой разьлічваецца заробак. Дык там, у Расеі, за 10 гадоў яны могуць толькі падвоіць рэальныя заробкі. А ў чатыры разы павысіць рэальныя заробкі за нейкіх 7 гадоў – гэта ўтопія”.

Чаму ж тады ўлады гавораць пра нязбытныя рэчы, падвышаюць мінімалку, абяцаюць падвысіць пэнсіі? Палітык Аляксандар Дабравольскі выкладае сваю вэрсію:

“Безумоўна, пачынаецца прапагандысцкая кампанія, зьвязаная зь сёлетнімі выбарамі. Ёсьць такая карэляцыя, якая ўжо даўно даказаная. Напрыклад, Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў будаваў такія графікі – узровень сярэдняга заробку і выбары. І заўсёды перад выбарамі заробкі расьлі, а пасьля выбараў – падалі. Таму дзеяньні ўлады – гэта не навіна. Яна такім чынам робіць сацыяльны подкуп выбарнікаў.

Улады па старой звычцы праводзяць прапагандысцкую кампанію. А насамрэч перад гэтым забралі ў людзей сацыяльныя гарантыі з той прычыны, што ў дзяржавы не хапае грошай”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG