Увечары 23-га лютага, калі тэлеграма прыйшла ў калёнію, там быў ужо адбой. “Паводле ўнутранага распарадку ўсе зносіны на гэты час спыняюцца”, -- паведамілі ў калёніі.
“Сёньня а сёмай раніцы Аляксандра Казуліна выклікаў да сябе начальнік калёніі Віталь Агнісьцікаў. Яны размаўлялі болей за гадзіну. Зараз вырашаецца пытаньне пра тое, каб Аляксандр Казулін змог паехаць на пахаваньне жонкі. Гэта можа быць як праз кароткатэрміновы адпачынак, так і пад канвоем. Дазвол мусіць прыйсьці з Дэпартамэнту выкананьня пакараньянў”, - паведаміў былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч. Ён спаслаўся на свае крыніцы, а таксама на віцебскага праваабаронцу з Беларускага Хэльсынскага камітэту Паўла Левінава.
Начальнік калёніі “Віцьба-3” Віталь Агнісьцікаў пацьвердзіў для БелаПАН: “У 7 гадзін раніцы я асабіста паведаміў Аляксандру Казуліну пра сьмерць жонкі, мы зь ім паразмаўлялі паўтары гадзіны. Казулін вельмі цяжка ўспрыняў гэтую зьвестку, відаць, што ён вельмі перажывае. Аднак я ня змог паведаміць яму нічога пэўнага пра тое, ці адпусьцяць яго на пахаваньне”.
Паводле В.Агнісьцікава, падобных выпадкаў, калі зьняволеных часова адпускалі на пахаваньне блізкіх сваякоў, у ягонай практыцы пакуль не было.
Нагадаем, 23-га лютага а 8.30 ўвечары ад цяжкай хваробы памерла жонка Аляксандра Казуліна Ірына. Сваякі нябожчыцы кажуць, што пахаваньне можа адбыцца ў аўторак, 26-га лютага.