22-га лютага выйшаў на волю Аляксандр Зьдзьвіжкоў, журналіст, якога пакаралі трыма гадамі калёніі за публікацыю карыкатур на прарока Мухамада. Калегія Вярхоўнага суду пераглядзела прысуд і паменшыла пакараньне журналісту да трох месяцаў, якія Аляксандр Зьдзьвіжкоў ужо адсядзеў.
Нагадаю, яго спачатку ўтрымлівалі ў турме КДБ “амэрыканка”, а потым у сьледчым ізалятары на Валадарскага. Тыдзень вязень правёў і ў рэспубліканскім турэмным шпіталі. Вось якія высновы Аляксандр Зьдзьвіжкоў зрабіў пасьля трох месяцаў за картамі:
“Шкадую змарнаваных часу і здароўя. Згодны з Салжаніцыным і Шаламавым, якія казалі, што чалавеку лепш пазьбягаць турэмнага і лягернага досьведу. Гэта адмоўны досьвед. Я няшмат там пабыў, ня думаю, што ў мяне будуць незваротныя зьмены псыхікі. Але, калі б адсядзеў два-тры гады, то такога не выключаю”.
Аляксандр Зьдзьвіжкоў спыніўся ў сваёй сястры ў Менску, а сёньня зьбіраецца наведаць маці, якая жыве ў Барысаве. У панядзелак, 25-га лютага, журналіст мае пляны наладзіць прэсавую канфэрэнцыю.
“Кожны раз, як вызваляюць яшчэ аднаго палітвязьня, у маці замірае сэрца”
Як паставіліся да вызваленьня Аляксандра Зьдзьвіжкова ў сям’і былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна? Дачка палітыка Вольга такому пытаньню шчыра зьдзівілася: “Натуральна, мы ўсе вельмі рады, бо гэта сьведчыць пра тое, што пытаньне палітвязьняў зусім не закрытае, як тыдзень таму казаў Аляксандр Лукашэнка. Магчыма, ён разьлічваў, што пасьля вызваленьня Андрэя Клімава захад супакоіцца, але гэтага не адбылося”, – сказала Вольга Казуліна.
Я паспрабаваў удакладніць зьвесткі пра яе маці, Ірыну Казуліну, якая, як вядома, змагаецца з цяжкай хваробай. Вольга сказала, што днямі іх бацька, Аляксандр Казулін даслаў ёй вельмі цёплы ліст. “Маці бясконца радая”, – кажа Вольга Казуліна.
“Яна вельмі яго чакае, вельмі. Мяркую, кожны раз, калі яна прачынаецца і кожны раз, як вызваляюць яшчэ аднаго палітвязьня, у яе замірае сэрца. Бо яна чакае, што наступным вызваленым будзе наш тата”.
А.Кім: “У камэры 14 чалавек на 10 ложкаў, сьпім па чарзе”
У Менскім сьледчым ізалятары знаходзіцца актывіст Андрэй Кім, якому пагражае зьняволеньне за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў у Менску. Днямі суд адхіліў скаргу на незаконнае ўтрыманьне Андрэя Кіма ў вязьніцы. 26-га лютага ў Андрэя Кіма дзень народзінаў – палітвязьню спаўняецца 22 гады.
Як хлопец трымаецца за кратамі? Актывістка Крысьціна Шацікава цытуе ягоны ліст: “У камэры 14 чалавек на 10 ложкаў, сьпім па чарзе”, – піша Андрэй Кім. Навіной для яе стала тое, што Андрэй пагаліў галаву. Чаму? Аказваецца, гэтак вязьні змагаюцца з вошамі.
“Справа ў тым, што ў іх былі вошы. Ён напісаў, што яны іх нарэшце вывелі, толькі зараз вошаў у камэры ня стала”.
Спраўджваю гэту інфармацыю ў Аляксандра Зьдзьвіжкова, які адбыў на Валадарцы болей за месяц. За кратамі ён таксама пагаліў галаву.
“Так, на Валадарцы антысанітарыя страшэнная. Вошы ў некаторых камэрах – звычайная рэч”.
Дзяжурны сьледчага ізалятару на пытаньне, ці сапраўды гэта так, адказаў: “Усе санітарныя нормы ў нас вытрымліваюцца. Не сумнявайцеся”, – і паклаў слухаўку.