Павал Шарамет апублікаваў днямі артыкул “Над безданьню ў ілжы”, дзе ўзьняў маральны аспэкт сытуацыі вакол сям’і Казуліна.
Шарамет: Галоўная характарыстыка любога подлага ўчынку – гэта жаданьне таго, хто зьдзяйсьняе гэты ўчынак, уцягнуць у злачынства як мага больш людзей, каб зьняць зь сябе адказнасьць за гэтае злачынства і перакласьці яе на вялікую колькасьць людзей.
Мы вельмі часта гаворым, што ў нас няма нацыянальнай ідэі, што мы незразумела хто, што беларусы падзеленыя на рускамоўных і беларускамоўных, заходніх і ўсходніх, на тых, хто за Лукашэнку і супраць Лукашэнкі, але мне здаецца, што гэты падзел умоўны і няправільны. Мне здаецца, беларусы падзяляюцца на тых, хто падтрымлівае і апраўдвае подласьць і злачынствы, і тых, хто выступае супраць гэтай подласьці.
І ў гэтым сутнасьць сытуацыі вакол сям’і А.Казуліна: няважна, вы за Казуліна ці супраць, але калі вы ўхваляеце зьдзек зь людзей, зьдзек з жанчыны, то вам няма дараваньня, няма апраўданьня.
Караткевіч: Жонка і дочкі Аляксандра Казуліна неаднаразова казалі, што ў яго ёсьць магчымасьць у турме слухаць у тым ліку і Радыё Свабода. Што б вы перадалі яму асабіста?
Шарамет: Любому чалавеку, які знаходзіцца ў турме, у тым ліку і Казуліну, які знаходзіцца ў гэтай трагічнай сытуацыі, можна пажадаць толькі мужнасьці і захаваньня актуальнага стаўленьня да таго, што ён бачыць вакол сябе. Захаваць сілы, і галоўнае – псыхалягічныя сілы для таго, каб вярнуцца, каб дачакацца вызваленьня.
Караткевіч: Павал, журналісты павінны быць аб’ектыўнымі і хаваць свае эмоцыі. Але вы вельмі эмацыйна напісалі пра Ірыну Казуліну...
Шарамет: Журналісты павінны захоўваць нэўтралітэт і эмацыйны спакой тады, калі яны абмяркоўваюць палітыкаў і іх дзеяньні. Але калі гаворка ідзе пра жыцьцё і сьмерць чалавека, немагчыма захоўваць эмацыйны спакой.
Галоўная праблема беларускага грамадзтва – гэта сьлепата душы і скамяненьне сэрца. Ня тое, што людзі не выходзяць на дэманстрацыі, ня тое, што яны не прыхільнікі дэмакратыі ці арыентаваныя на Расею ці на Эўропу – гэта не галоўная праблема для Беларусі.
Праблема ў тым, што мы заплюшчваем вочы і праходзім міма няшчасьця простага чалавека, міма зьдзеку над гэтым чалавекам. І асабліва, калі гаворка ідзе пра жанчын і дзяцей, я не магу стрымаць сваіх эмоцый, таму я так эмацыйна выступіў – але ня толькі я адзін. Трэба адзначыць, што першым на гэта адрэагаваў Аляксандар Фядута, і гэта быў вельмі мужны ўчынак, ён вельмі жорстка адказаў Лукашэнку на ягоную рэпліку пра сям’ю Казуліных.
Вось калі мы пераадолеем гэтую сьлепату душы, у нас зьявяцца і гонар, і сьмеласьць, і сумленьне, і нейкая будучыня як у грамадзтва і як у народа.