Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Фідэлю трэба было сысьці яшчэ раней”


Пра адстаўку Фідэля Кастра і яе наступствы разважаюць віцебскія мінакі.


Карэспандэнтка: “Сёньня стала вядома, што кубінскі лідэр Фідэль Кастра сыходзіць з усіх сваіх пасадаў. Ці зьменіцца што-небудзь на Кубе ды ва ўсім сьвеце зь ягонай адстаўкай?”

Спадарыня: “О, я не магу прадказваць, я не астроляг! Адслужыў сваё для народа — няхай адпачывае. Ён доўга кіраваў і сышоў на заслужаны адпачынак. А хто цяпер уздыхне вальней, народ або толькі ён сам, — ня ведаю”.

Хлопец: “Ну, гэта зь якога боку паглядзець — з боку Беларусі ці з боку Кубы. Для Беларусі, я думаю, істотных зьменаў ня будзе. А для Кубы? Там шмат патрыётаў, лідэрам якіх ёсьць Фідэль Кастра, таму, думаю, зь ягоным сыходам будуць нейкія зьмены”.

Спадарыня: “Нічога ня зьменіцца. А навошта кубінцам штось мяняць? Тое самае рабіцца будзе”.

Спадар: “Я вельмі зайздрошчу кубінцам! У іх няма такой завірухі, як тут цяпер у нас у Віцебску, няма сьнегу, маразоў. У іх шмат сонца. Таму я нават не ўяўляю, як на Кубе можна рабіць рэвалюцыю — у такіх кліматычных умовах! А ці веру я, што нешта зьменіцца цяпер на “Высьпе свабоды”? Думаю, што да ўлады прыйдзе Рауль Кастра, а яблычак ад яблынькі падае не зусім далёка, і таму, калі нешта й зьменіцца, то толькі крыху”.

Спадарыня: “Калі ён сышоў, дык ужо насамрэч заслужыў гэты адпачынак. Мажліва, трэба было гэта зрабіць і яшчэ раней. Пра тое, што цяпер зьменіцца, казаць насамрэч складана. Я думаю, калі кубінскі народ гатовы мець новага лідэра, гатовы да іншага жыцьця, то ён гэта і зробіць”.

Спадар: “Я думаю, нічога ня зьменіцца. Прыйдзе нехта іншы, але будзе тое самае. Там усе настроеныя, што менавіта Фідэль Кастра быў іхны лідэр, і цяпер, напэўна, прыйдзе да ўлады ягоны брат і будзе працягвацца тая самая гісторыя. Напэўна, нічога там ня зьменіцца”.

Дзяўчына: “Калі ўлада пяройдзе да ягонага брата, то ня думаю, што нешта там зь ягонай адстаўкай зьменіцца кардынальна. Наўрад ці. Шкада, вядома, што наш прэзыдэнт ня возьме зь яго прыклад. Але — у кожнай краіны свой шлях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG