Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія палітыкі ставяцца да адстаўкі Ф.Кастра?


Станіслаў Шушкевіч сустракаўся з Кастра ў 1993 годзе ў Рыё-дэ-Жанэйра на Ўсясьветным экалягічным саміце.


Каб было здароўе, дык не адышоў бы
“Там выступленьне Фідэля Кастра было прынятае значна цяплей, чым усіх астатніх разам узятых. Я сядзеў побач з прадстаўніком Бэльгіі. Сынхронны пераклад быў цудоўны. І я пабачыў, як мой сусед запляскаў у ладкі, нават падскокваць пачаў. А пасьля, мабыць, адумаўся, што ягоная краіна кубінскі рэжым не падтрымлівае, і пры галасаваньні ўстрымаўся. І лёгіка выступленьня Кастра на гэтым саміце запала мне ў розум да сёньняшняга дня”.

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч лічыць, што падставай для такога рашэньня кубінскага лідэра стаў дрэнны стан ягонага здароўя:

“Каб было здароўе, дык не адышоў бы. Я ня думаю, што ёсьць іншыя прычыны.

На Кубе павінна нешта зьмяніцца. Нельга так доўга быць у галечы ў такой цудоўнай краіне і побач з такімі багатымі суседзямі. Тое, што там няма людзкіх дачыненьняў са Злучанымі Штатамі, гэта, мне здаецца, перадусім дрэнна для Кубы. Зрухі там будуць. І адыход Кастра паспрыяе, каб яны наступілі хутчэй”.

Сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Валеры Ухналёў лічыць: рашэньне Кастра не азначае зьмены палітычнага ладу на Кубе.

Карэнных зьменаў чакаць нельга
“Сыход не прывядзе да вялікіх, стратэгічных зьменаў кубінскай палітыкі. Думаю, што нейкія новыя падыходы, якія ўжо нельга далей абмінаць, зьявяцца. Але карэнных зьменаў чакаць нельга.

І сёньня Фідэль застаецца кіраўніком кіроўнай партыі. А казаць, што яна страчвае свае ўплывовыя рычагі, падставаў сёньня няма”.

Сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч таксама цьвердзіць, што рэвалюцыйных зьменаў на высьпе чакаць не выпадае. І тлумачыць, чаму:

Рэвалюцыйных зьменаў там ня будзе
“Справа ў тым, што сыстэма, якую там стварылі і якая існуе дзясяткі гадоў, ня можа рассыпацца проста так. Відавочна, на Кубе існуе і вэртыкаль улады, і інстытут пераемнасьці. Таму нейкіх хуткіх, рэвалюцыйных зьменаў там ня будзе. Гэта выключана. Выключана, бо там не існуе палітычнага складніка. Дый брат Фідэля на месцы, уся эліта на месцы. Таму ніякіх пытаньняў я ня бачу”.

Фідэль Кастра заявіў, што адмаўляецца ад пасады старшыні Дзяржаўнага савету Рэспублікі Куба. “Я ня буду прэтэндаваць на пасаду старшыні Дзяржаўнага савету і вярхоўнага галоўнакамандуючага і не прыму яе”, — гаворыцца ў заяве Кастра. Ён прыйшоў да ўлады ў 1959 годзе. У зьвязку з пагаршэньнем здароўя ад ліпеня 2007 году краінай кіруе ягоны брат Рауль. Цэнтральная кубінская газэта “Granma” падае словы кіраўніка Кубы пра тое, што на дадзены момант стан ягонага здароўя не дазваляе кіраваць краінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG