Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел. Блог Аляксея Янукевіча

Sorry! No content for 28 ліпень. See content from before

пятніца 27 ліпень 2012

Архіў
ліпень 2012
пан аўт сер чац пят суб няд
25 26 27 28 29 30 1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31 1 2 3 4 5

Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў, як і трэба было чакаць, прайшла па ўсіх акругах бязь нейкіх асаблівых праблемаў і нечаканасьцяў. Групам Статкевіча і Міхалевіча адмаўлялі. Астатнія групы, у пераважнай большасьці, зарэгістравалі.

Па вялікім рахунку, тое самае мы бачылі і 4, і 8 гадоў таму. Маўляў, хочаце зьбіраць подпісы — зьбірайце. Калі знойдзеце людзей, вядома. Таму што і 4, і 8 гадоў таму збор подпісаў выпадаў на летні час. А летам людзі ў горадзе імкнуцца не затрымлівацца.

Уважаючы на досьвед збору подпісаў і агітацыі ў летні пэрыяд з папярэдніх парлямэнцкіх кампаніяў, вырашылі ўсё ж зрабіць кантрольны праход па кватэрах. Вынікі чаканыя — на стандартны пад’езд пяціпавярховіка жыхароў можна знайсьці ў 1–2 кватэрах. Падвечар гэтая лічба павялічваецца ўдвая, але ўсё роўна — большасьць па-за дасягальнасьцю. Затое ў дварах людзей хапае. Пераважна гэта пэнсіянэры і маладыя мамы з малымі дзецьмі. І тыя, і другія размаўляюць зь цікаўнасьцю. Шмат хто пазнае прозьвішча, але праз аднаго называюць Януковічам. Зрэшты, з гэтым сутыкаюся ўвесь час і ў дэмакратычным асяродзьдзі.

Цікавая размова адбылася ў чацьвер у адным з чыжоўскіх двароў недалёка ад кінатэатру «Дружба». У альтанцы сядзелі сямёра мужчынаў сталага веку і спрачаліся пра ролю Гагарына ў гісторыі касманаўтыкі. Замест таго каб празвоньваць пустыя пад’езды, я адразу накіраваўся да іх. Маё зьяўленьне выклікала цікаўнасьць і ажыўленьне. Адзін з мужчынаў пазнаў мяне — як пазьней выявілася, ён стала чытае «Нашу ніву», «Народную волю» і «Свободные новости». «А, выбары пачаліся!» — яшчэ здалёк прывітаў ён мяне. — «Хадзіце сюды, ёсьць да вас пытаньні». Адказваю, што я тут якраз дзеля гэтага. «Вось вы мне скажыце: чаму БНФ не агітуе за байкот? Гэта простая пазыцыя, лёгка тлумачыць людзям. Можна ўсё сказаць у трох сказах. Выбараў няма, хадзіць ня трэба, палата нічога не вырашае».

Цікаўлюся, што думаюць на гэты конт астатнія. Адказы збольшага падобныя — у дэпутаты ідуць толькі кар’ерысты, пасьля выбараў забываюць пра людзей. Але на выбары большасьць зьбіраецца — па звычцы, усё роўна, маўляў, нам, пэнсіянэрам, няма чаго рабіць, а так хоць нейкая падзея. Адзін з суразмоўцаў абгрунтаваў намер пайсьці галасаваць тым, што хоча нагадаць пра сябе: «Так хоць будуць ведаць, што я яшчэ жывы».

Аднак вяртаю размову з прыватнага ў палітычнае рэчышча. Запытваю, ці жадалі б яны пераменаў у краіне. Чытач незалежнай прэсы адразу катэгарычна заяўляе, што перамены патрэбныя неадкладна. Ягоныя калегі, аднак, ня маюць яснага адказу. Яны пачынаюць скардзіцца на цяперашнія ўлады, ад Лукашэнкі да ЖЭСу, але наконт пераменаў відавочна няўпэўненыя. «А што мяняць? Грошай ніхто ня дасьць, вунь што ў сьвеце робіцца. У нас хоць ціха пакуль».

«А паглядзіце на Прыбалтыку, на Польшчу. Мы немцаў перамаглі — і паглядзіце, як жывуць, параўнайце!» — адразу ўключаецца ў агітацыю мясцовы дэмакрат. «Дык ім жа Амэрыка дапамагала ўсё. Паставілі свае войскі і далі грошай за гэта. А нам не дадуць», — адказваюць яму суседзі. «Спадар Янукевіч, растлумачце ім», — зьвяртаецца ён да мяне.

Я далучаюся да размовы. Распавядаю, што бяз вонкавага дафінансаваньня цяперашняя беларуская эканоміка існаваць ня здольная. Што Расея проста за вайсковыя базы і падтрымку ў міжнародных пытаньнях больш дапамагаць ня будзе, яны хочуць МАЗ (ажыўленьне і асобная дыскусія, меркаваньні падзяліліся, але большасьць за аб’яднаньне з MANам, а не з КамАЗам) ды іншыя беларускія прадпрыемствы. А на Захадзе можна знайсьці інвэстыцыі і выгадныя крэдыты, бо там зацікаўленыя ў разьвіцьці бізнэсу, супрацоўніцтва, стабільнасьці і бясьпекі. І далей па ўсіх пунктах пераказваю плятформу Партыі БНФ.

Суразмоўцам запярэчыць няма чаго. Бачна, што сумневы ў іх застаюцца, але яны атрымалі багаты матэрыял для роздуму і абмеркаваньня. Чытач свабоднай прэсы яўна задаволены. Ён дзякуе мне за размову, за працу, заклікае часьцей кантактаваць з простымі людзьмі.

«Вы ўсё яшчэ лічыце, што варта было адмовіцца ад вылучэньня і заняцца заклікамі да байкоту?» — пытаюся ў яго на разьвітаньне. Ён «падвісае» на некалькі сэкундаў, барацьба думак адбіваецца на ягоным твары. Бачна, што ідэя байкоту яму моцна падабаецца, але ён толькі што ўголас ухваліў мой удзел. «Ну, няхай будзе і так, і гэтак. Вы добра агітацыю праводзіце, а іншыя няхай за байкот. Толькі не сварыцеся».

Сапраўды, самае горшае — гэта сварыцца паміж сабой, замест таго каб працаваць дзеля пераменаў. З гэтым згодныя ўсе нашыя прыхільнікі. Нам варта імкнуцца да як мага шырэйшай кансалідацыі нашых высілкаў, асабліва ў коле нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Толькі разам мы можам уяўляць зь сябе сапраўдную сілу. Бяз гэтага і байкот, і ўдзел застануцца толькі архівамі ў інтэрнэце.

Місія магчымая

На гэтым тыдні ў Менску былі прадстаўнікі АБСЭ з мэтай падрыхтоўкі місіі міжнароднага назіраньня за выбарамі-2012. Яны мелі шмат сустрэчаў, у тым ліку з кіраўнікамі дэмакратычных партыяў. Мая размова зь імі была не пра высокія матэрыі, а пра абсалютна канкрэтныя рэчы: вынікі фармаваньня акруговых выбарчых камісіяў і ацэнка гэтых вынікаў, палітычнае асяродзьдзе напярэдадні кампаніі, магчымасьці доступу да СМІ, чаканьні і прагнозы.

Сярод іншага прадстаўнікі АБСЭ пацікавіліся маім меркаваньнем, ці патрэбныя міжнародныя назіральнікі ў прынцыпе? Я ўпэўнена і адназначна адказаў: так, прысутнасьць міжнародных назіральнікаў важная, бо прыцягвае дадатковую міжнародную ўвагу да сытуацыі ў Беларусі і нагадвае пра такую ўвагу ўсім, хто задзейнічаны ў арганізацыі і правядзеньні ўсіх этапаў выбарчай кампаніі ўнутры краіны.

Праз пэўны час са зьдзіўленьнем сустрэў у інтэрнэце супрацьлеглае меркаваньне: ня трэба, каб у гэтым годзе прыяжджалі міжнародныя назіральнікі, бо за кароткі час яны ўсё роўна нічога не пабачаць, не зразумеюць спэцыфікі і толькі дазволяць уладам скарыстаць сябе. Асабліва хачу падкрэсьліць, што на ўвазе меліся назіральнікі не ад СНД, а ад назіральнай місіі АБСЭ. Хоць няма ніякіх падставаў сумнявацца ў кампэтэнтнасьці назіральнікаў АБСЭ. А прапановы не прыяжджаць – яўная дэманстрацыя сумневаў у належнай кампэтэнтнасьці прадстаўнікоў гэтай міжнароднай арганізацыі.

Нежаданьне бачыць у Беларусі місію АБСЭ, калі задумацца, – чарговая спроба перакласьці адказнасьць за сытуацыю ў краіне на міжнародных назіральнікаў. Маўляў, вось вы прыехалі – і ўсё сапсавалі. Хоць змагацца за свабоду і незалежнасьць – гэта якраз наша місія, а не назіральнікаў АБСЭ.

Такая пазыцыя, на маю думку, – відавочна памылковая, і гэта толькі чарговая праява вострай праблемы, хваробы вялікай часткі нашых паплечнікаў па дэмакратычным руху. Я назваў бы гэтую хваробу «сындромам маральных перамогаў». Паколькі рэжым забясьпечвае сабе новыя і новыя перамогі праз выкарыстаньне несумленных і амаральных мэтадаў, дэмакратычная супольнасьць у адказ рэгулярна ўзнагароджвае сябе тытулам «маральных пераможцаў». У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта карысна, бо дазваляе захаваць матывацыю і пераадолець расчараваньне. Але, як становіцца бачна, шматгадовыя «маральныя перамогі» прывялі да нэгатыўнай трансфармацыі сьвядомасьці. Спачатку ў такога «пераможцы» фармуецца цьвёрдае перакананьне, што ён заўсёды мае рацыю, заўсёды ведае і гаворыць праўду. А пасьля прыходзіць другая фаза, калі ён ужо ўпэўнены – ніхто іншы ня здольны зразумець, што насамрэч адбываецца, ня здольны адрозьніць праўду ад хлусьні бяз нашай апекі, тлумачэньняў і інструкцыяў. Адпаведна, калі нехта спрабуе фармаваць сваё ўласнае меркаваньне, ці яшчэ горш – мае адрозны ад нашага пункт гледжаньня, дык ён аўтаматычна прызнаецца або наіўным дылетантам, або сьвядомым шкоднікам (як варыянт – агентам).

Кепска, калі такі патэрналісцка-грэблівы падыход прысутнічае ў кантактах некаторых беларускіх калегаў з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасьці: назіральнікамі, палітыкамі і дыпляматамі, замежнымі журналістамі. Натуральна, для некаторых зь іх Беларусь – проста пусты гук, для некаторых – расейскі пратэктарат, які недарэчна стварае праблемы і патрабуе ўвагі, а для некаторых – магчымасьць зарабіць палітычных балаў. Але пераважная большасьць, як мінімум, здольная зразумець беларускую сытуацыю, а як максымум – шчыра жадае дапамагчы Беларусі вярнуцца на шлях свабоды.

Але сытуацыя становіцца зусім тупіковай і катастрафічнай, калі такі падыход пачынае пераважаць у стаўленьні да беларускага грамадзтва. Такая палітыка становіцца зьменшанай, карыкатурнай копіяй палітыкі цяперашніх уладаў. Або ты мяне падтрымліваеш на 100%, або я цябе не заўважаю і ігнарую.

Значна прасьцей пераканаць сябе ў тым, што народ запалоханы і таму ня можа паказаць, як моцна ён цябе падтрымлівае, чым дапусьціць думку, што народу ты нецікавы або ён не ўяўляе, ці ёсьць у цябе добрыя ідэі.

Цяперашняя выбарчая кампанія вельмі добра выяўляе разыходжаньні ў падыходах. Насамрэч, гэта не пытаньні тактыкі, гэта пытаньні стратэгіі. Калі мы верым у беларускі народ – мы працуем дзеля таго, каб атрымаць яго падтрымку. Мы – Партыя БНФ – верым, што беларусы могуць зразумець нашыя ідэі. Верым, што нашыя каштоўнасьці і перакананьні могуць стаць рухавіком іх дзеяньняў. Таму мы выкарыстоўваем кожную магчымасьць, каб пашыраць нашыя ідэі і каштоўнасьці ў грамадзтве.

Калі ж ня верыць – тады сапраўды трэба заклікаць і беларусаў, і замежнікаў трымацца далей ад палітычных падзеяў у краіне. Таму што маральная перамога і так забясьпечаная ў любым выпадку.

Загрузіць яшчэ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG