На гарадзкім рынку Жодзіна сёньня адбудзецца мітынг прадпрымальнікаў, які ёсьць адным з шэрагу мітынгаў, што праводзяцца ў розных гарадах Беларусі.
Як паведаміў Свабодзе адзін з арганізатараў акцыі, прадпрымальнік і грамадзкі дзеяч Аляксандар Макаеў, мэта мітынгу — прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці і саміх прадпрымальнікаў да праблемы прадпрымальніцтва ў Беларусі, а менавіта прэзыдэнцкага ўказу № 222 аб сэртыфікацыі прадукцыі:
«Зараз дзеяньне ўказу прыпыненае — не праводзяцца праверкі наяўнасьці сэртыфікатаў якасьці, але яны неўзабаве распачнуцца, і тады паўстане праблема і канфіскацыі тавараў, і штрафаў памерам 200–400 базавых велічыняў. Гэта ня толькі праблема прадпрымальнікаў — яна закранае і яшчэ закране таксама іншыя катэгорыі насельніцтва. Бо, страціўшы працу на рынках, прадпрымальнікі будуць вымушаныя шукаць яе на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Таму Камітэт выратаваньня прадпрымальніцтва, які складаюць лідэры прадпрымальніцкага руху з розных гарадоў Беларусі, прыняў рашэньне сабраць 50 тысяч подпісаў пад заявай пра адмену прэзыдэнцкага ўказу № 222. Менавіта гэткая колькасьць подпісаў грамадзян неабходная для заканадаўчай ініцыятывы і каб перадаць іх у Канстытуцыйны суд краіны. Таму заплянаваны шэраг мітынгаў з мэтай збору подпісаў. Першы зь іх адбыўся ў Барысаве 8 траўня, у Маладэчне 14 траўня і сёньня а 14-й — у Жодзіне.
Не зважаючы на тое, што заяўкі падаваліся ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, без памылак і парушэньняў, ніводная зь іх не была задаволеная мясцовымі ўладамі. Адпіскі пра тое, што ўдзельнікі мітынгу будуць замінаць мінакам, не вытрымліваюць ніякай крытыкі, гэта парушэньне права на свабоду мірных сходаў, гарантаванага Канстытуцыяй краіны. Больш за тое, калі мы ўсё роўна праводзілі заяўленыя мітынгі, адміністрацыі рынкаў Барысава і Маладэчна, а таксама спэцслужбы запалохвалі прадпрымальнікаў крымінальнай адказнасьцю за ўдзел, таксама запалохвалі арганізатараў, складаючы на іх адміністрацыйныя пратаколы. У выніку мы былі вымушаныя ісьці да людзей, размаўляць зь імі на іх працоўных месцах, зьбіраць іх подпісы, а таксама подпісы пакупнікоў у саміх гандлёвых шэрагах».
Як паведаміў Аляксандар Макаеў, нягледзячы на ціск, мітынгоўцы зьбіраюць сотні подпісаў за адмену прэзыдэнцкага ўказу № 222.
Наступны мітынг адбудзецца 31 траўня ў Воршы і 4 чэрвеня ў Баранавічах.