Разгляд адміністрацыйнай справы журналіста «Белсату» Станіслава Івашкевіча адбудзецца ў судзе Лідзкага раёну 24 жніўня.
Карэспандэнта вінавацяць у «парушэньні заканадаўства аб СМІ» (ч.2 арт. 22.9 КаАП), яму пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь (1150 рублёў).
У дачыненьні да Івашкевіча склалі адміністрацыйны пратакол за сюжэт «Вёска ў Лідзкім раёне тоне ў сьвіным гнаі», які выйшаў у эфір у праграме «Абʼектыў» 30 чэрвеня.
Раней Івашкевічу прыйшла позва ў РАУС Ліды, каб «азнаёміцца з матэрыяламі справы», але да міліцыянтаў журналіст не зьявіўся. Копіі адміністрацыйнага пратаколу на руках ён дагэтуль ня мае. Журналіст чакае, што суд яго аштрафуе.
«Я разглядаю гэты суд у кантэксьце агульнага перасьледу калегаў-журналістаў, якім забараняюць займацца сваёй справай», — сказаў ён у камэнтары «Белсату».
Івашкевіч нагадвае, што да нядаўняга часу ён меў акрэдытацыю МЗС, але некалькі месяцаў таму яе скасавалі. Журналіст зьвязвае гэта з выхадам матэрыялу пра карупцыю ў энэргетычнай сфэры ў Беларусі.
калі журналісцкае расьсьледаваньне мае рэзананс, то ўлады, замест таго каб нешта выпраўляць, пачынаюць узмацняць ціск на журналістаў
«У мяне была акрэдытацыя, але яе не працягнулі пасьля таго, як у МЗС паступіла скарга ад „Белэнэрга“. З гэтага можна зрабіць выснову, што калі журналісцкае расьсьледаваньне мае рэзананс, то ўлады, замест таго каб нешта выпраўляць, пачынаюць узмацняць ціск на журналістаў», — кажа Станіслаў Івашкевіч.