Інцыдэнт здарыўся адразу па заканчэньні цырымоніі ўзнагароджаньня ляўрэатаў літаратурнай прэміі «Дэбют» на вуліцы Кастрычніцкай, каля сядзібы творчай прасторы «ЦЭХ».
Сьведкам затрыманьня Алеся Яўдахі людзьмі ў цывільным стаў намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і вядоўца імпрэзы «Дэбют» Усевалад Сьцебурака:
«Нас, арганізатараў, заставалася зусім няшмат, мы выносілі гукаўзмацняльную апаратуру. І тут на нашых вачох некалькі мужчын накінуліся на Алеся і запхнулі яго ў машыну».
Неўзабаве пасьля здарэньня ў Ленінскі РАУС прыбылі бацька і сябры Яўдахі.
Дакладна невядома ці сапраўды Алесь Яўдаха ў Ленінскім РУУС. І што яго затрымлівала менавіта міліцыя.
Бацька Алеся Анатоль Яўдаха напісаў заяву пра выкраданьне сына ў Ленінскі РУУС, бо захоп адбыўся на тэрыторыі Ленінскага раёну Менску. А ў самім РУУС заявілі, што чалавека па імі Аляксандар Яўдаха ў іх няма.
Пасьля завяршэньня цырымоніі ўручэньня прэміі «Дэбют», за некалькі хвілінаў да затрыманьня, з Алесем Яўдахам пасьпеў пагутарыць дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.
«Пасьля штрафу за кнігагандаль, які дапамаглі выплаціць, як кажа Алесь, добрыя людзі, ён адбываў тэрмін «хіміі» — прымусовай працы, бяз права выезду зь Менску. Расказваў, як прыходзілі з праверкамі дадому, на працу. Яго заслугі перад беларускай літаратурай большыя, чым некаторых пісьменьнікаў. Яго прысутнасьць на цырымоніі «Дэбют» была сьведчаньнем таго, што беларуская кніга жыве. Яго бесцырымонны арышт гэта толькі пацьвярджае. Бо спрабуюць задушыць толькі жывое».