Беларусь лічыць недапушчальным зацягваць стварэньне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў у ЭАЭС. Пра гэта сёньня заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэньні Эўразійскай міжурадавай рады ў Ерэване, паведамляе БЕЛТА.
«Найбольш важным для нас пытаньнем застаецца фармаваньне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Я хачу нагадаць, што пры заключэньні дагавору аб утварэньні нашага саюзу Беларусь пайшла на пэўныя саступкі і згадзілася аднесьці фармаваньне агульных рынкаў энэргетычных рэсурсаў на самую аддаленую пэрспэктыву. Для нас гэта было нявыгадна, але мы пайшлі на гэта», — сказаў Андрэй Кабякоў.
Пры гэтым была дакладная дамоўленасьць, што 2025 год — гэта крайні тэрмін для прыняцьця ўсіх рашэньняў.
«Сёньня выразна адчуваюцца спробы зацягнуць з гэтым пытаньнем яшчэ далей па часе. Лічым, што гэта недапушчальна. Мы і так паставілі ў пэўным сэнсе воз паперадзе каня. Сфармавалі сыстэму наднацыянальных органаў раней за эканамічны базіс і агульны рынак, як гэта было, напрыклад, пры ўтварэньні Эўрапейскага Зьвязу», — сказаў кіраўнік ураду.