Беларускі сьпявак Лявон Вольскі ня зможа выступіць на менскім «Сьвяце Незалежнасьці» 25 сакавіка, піша ён на Facebook. Але ён хацеў бы выступіць, спадзяецца на тэлемост з Польшчы.
Як тлумачыць Лявон Вольскі, яшчэ летам мінулага году ён прыняў прапанову выступіць на канцэрце да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў польскім Беластоку. Маўляў, тады цяжка было ўявіць, каб улады дазволілі ў Беларусі канцэрт на Дзень Волі.
І як бы яму не хацелася выступіць на сьвяце ў Менску, Вольскі абавязаны быць на сцэне ў Беластоку а 18-й гадзіне паводле менскага часу (17-й па Варшаве), а канцэрт ля менскай Опэры пачнецца толькі а 14-й — даехаць пасьля выступу ён проста не пасьпее.
«Не такая вялікая падзея, каб мяняць нашыя пляны», — арганізатар Беластоцкага канцэрту пра тое, чаму Вольскі ня выступіць у Менску
«Разам з арганізатарамі сьвята каля Опэрнага мы абмяркоўвалі нават варыянт з гелікоптэрам, але міжнароднага аэрапорту ў Беластоку няма, а з Варшавы ці Гародні даехаць ізноў не пасьпяваю, — піша Вольскі. — Таму я засьпяваю ў Менску ў варыянце тэлемоста. Адбудзецца прэзэнтацыя маёй песьні, прысьвечанай 100-годзьдзю абвяшчэньня БНР.
Я разумею, што гэта ня тое самае, што быць на гэтым канцэрце асабіста, але, перабраўшы ўсе варыянты, хачу ўзяць удзел хаця б такім чынам. Бо гэта наша агульнае сьвята і нават такія абставіны ня мусяць нас разьяднаць у гэты дзень. Мы працягваем шукаць іншыя варыянты выступіць у Беларусі ў межах сьвята і калі іх знойдзем, абавязкова паведамім вам».
Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску. Фінальная афіша #БНР100 плюс ВІДЭА
На плятформе Talaka.by арганізатарам менскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 87% неабходных сродкаў (ёсьць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў).
Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка ўжо таксама дазволеныя ў Берасьці (там маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt і іншыя) і Горадні (туды запрасілі N.R.M., вядуць збор грошай на канцэрт), дазволаў чакаюць у яшчэ некалькіх гарадах.