5 ліпеня раптоўна пайшоў з жыцьця шматгадовы рэактар часопісу «Роднае слова» Міхась Шавыркін.
Міхась Шавыркін нарадзіўся 15 верасьня 1947 году ў вёсцы Дзяніскавічы Жлобінскага раёна. Скончыў філялягічны факультэт БДУ. Працаваў у «Беларускай энцыкляпэдыі», у часопісе «Народная асьвета». З 1987 да 2006 году працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Роднае слова». Пры ім наклад выданьня даходзіў ад 10 тысяч асобнікаў.
Пісьменьніца Алена Масла ўзгадвае, што асоба Міхася Шавыркіна заўсёды была прысутная ў яе сямʼі: бацькі былі настаўнікамі, «Роднае слова» заўжды выпісвалі, лічылі яго вельмі аўтарытэтным выданьнем, неадʼемнай часткай свайго жыцьця.
«Калі Міхася Шавыркіна звольнілі з «Роднага слова», яго ўзялі на працу ў выдавецтва «Мастацкая літаратура». Я ў той час была загадчыцай рэдакцыі дзіцячай літаратуры, куды ён прыйшоў, і мне пашчасьціла больш блізка пазнаёміцца і сысьціся з гэтым чалавекам.
Я лічу, што з зыходам такой постаці мы асірацелі. На маю думку, Міхась Мікалаевіч належыць да той катэгорыі людзей, пра якіх кажуць «уходящая натура». Ён быў рупліўцам на ніве беларушчыны, быў галоўным рэдактарам часопіса «Роднае слова», выдаваў проста ўзорнае выданьне. Натуральна, вакол яго гуртавалася вельмі шмат людзей, прытым найлепшых людзей, прафэсіяналаў. Пра яго кажуць, што ён быў вельмі патрабавальным і строгім рэдактарам. Але тых, ад каго ён патрабаваў, ён бязьмерна любіў і паважаў.
Спадар Міхась быў такім чалавекам, які ўмеў уздымацца над мітусьнёй, драбязой. Я яго лічыла сваім старэйшым сябрам, і калі я дзялілася зь ім сваімі «непярэліўкамі» ў прафэсійным жыцьці, ён слухаў мяне са спагадай, і я разумела, што ён скажа, і гэта было не праз абыякавасьць да майго лёсу, а толькі выснова вельмі мудрага чалавека. Ён ўважліва выслухоўваў мяне і казаў: «Спадарыня Масла, пераводзьце ўсё ў літаратуру. Ня стаўцеся да гэтага сурʼёзна». І гэта вельмі дапамагала жыць. Гэта паблажлівасьць да людзей, да іх слабасьці, але разам з тым уменьне бачыць і цаніць у чалавеку галоўнае.
А яшчэ ён служыў абʼяднаньню. Ён ніколі не дзяліў людзей паводле таго, хто ў якіх саюзах, хто дзе працуе, хто з кім сябруе, хто з кім разышоўся — ён умеў прыміраць, мірыць умеў. Такіх людзей — «яднальнікаў» вельмі мала. Беларусь надзвычай разьяднаная, кожны цягне ў свой бок. Асабіста для мяне ня стала такога чалавека, які ўсё гэта бачыў і хацеў зьяднаць.
А якім уважлівым, клапатлівым ён быў бацькам і дзедам! Гэта было так міла: набываў сеткі садавіны, ішоў праведаць унукаў, дачку Міраславу, якую бязьмежна любіў! Зь любога дня (накшталт дня веснавога раўнадзенства) — мог зрабіць сьвята, мог пажартаваць: «Сёньня дзень піянэрскай арганізацыі, а я былы камсамолец». У гэтым была ягоная сутнасьць — ён не цураўся свайго жыцьця, не саромеўся нашай агульнай гісторыі, ні ад чаго не адракаўся.
Ён быў сябрам нашай сямʼі. Зь вялікай павагай да яго ставіліся і муж, і дзеці. Спадзяюся, гэта было ўзаемна. Для яго сямʼі гэта страшэнны ўдар. Асабіста для мяне гэта вялікая страта«.
Паэт Віктар Жыбуль працаваў у «Родным слове» пад непасрэдным рэдактарствам Міхася Шавыркіна:
На старонках часопіса ён стараўся прапагандаваць творчасьць пісьменьнікаў, не аблашчаных уладамі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у нашу літаратуру
«Калі я прыйшоў на працу, ён мяне адразу папярэдзіў: „З Шавыркіным працаваць цяжка“. Адпрацаваўшы некалькі гадоў, я зразумеў: ён — вельмі патрабавальны рэдактар. Працу сваю Міхась Мікалаевіч вельмі любіў і стараўся, каб часопіс быў рознабаковым. На планёрках, калі абмяркоўваліся матэрыялы, ён заўсёды на іх глядзеў з такога пункту гледжаньня: „А што гэта дасьць настаўніку?“, бо „Роднае слова“ было разьлічана найперш на школьных настаўнікаў, вучняў, таксама на студэнтаў і выкладчыкаў мовы і літаратуры гуманітарных ВНУ. Але пры гэтым Міхась Шавыркін імкнуўся, каб настаўнікі, а разам зь імі і вучні, адукоўваліся рознабакова. Таму ён стараўся, каб у часопісе былі матэрыялы і пра мову, і пра музыку, і пра архітэктуру, і пра жывапіс. Сам ён асабліва любіў музыку, народныя песьні — гэтым сілкавалася яго душа.
І яшчэ згадваецца такі яскравы момант. Я прыйшоў на працу ў „Роднае слова“ 25 сакавіка 2004 году, якраз у Дзень Волі. І тады на афіцыйнай шыльдзе „Роднага слова“ (а рэдакцыя разьмяшчалася на праспэкце Машэрава) быў яшчэ герб „Пагоня“. Можаце ўявіць, 2004 год, амаль усе шыльды на ўстановах фэдэрацыі замененыя. І Менску заставаліся толькі тры шыльды з „Пагоняй“: на будынку Саюзу пісьменьнікаў, на будынку прафсаюзаў і на будынку рэдакцыі „Роднага слова“.
Звальнялі яго пры мне. Гэтаму папярэднічалі выклікі Шавыркіна ў Міністэрства інфармацыі. Часопіс атрымліваў папярэджаньні за тое, што на другой старонцы вокладкі друкаваліся партрэты ня тых пісьменьнікаў. Міхасю Мікалаевічу даводзілася проста бараніць часопіс. Я думаю, звальненьне яго было невыпадковым, а менавіта з-за яго грамадзянскай пазыцыі. Бо на старонках часопіса ён стараўся прапагандаваць творчасьць пісьменьнікаў, не аблашчаных уладамі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у нашу літаратуру».
Грамадзкі актывіст Зьміцер Марчук узгадвае, што зь Міхасём Шавыркіным пазнаёміўся на пачатку 1990-х гадоў, калі ў Менску паўстаў клюб аматараў творчасьці Данчыка (Багдана Андрусішына). Зьміцер стаў старшынёй фан-клюбу, а Міхась Шавыркін — ягоным намесьнікам:
«Міхась Шавыркін прыклаў шмат намаганьняў пры стварэньні фан-клюбу, друкаваў у „Родным слове“ вершы, ноты песень Данчыка, ад яго мы даведаліся пра гісторыю роду Луцкевічаў, Данчыкавых продкаў. І зьбіраліся мы заўсёды ў рэдакцыі „Роднага слова“ на праспэкце Машэрава. Быў там і куточак музэю Данчыка. Ладзілі разам імпрэзы, канцэрты Данчыка. Такія ўзьнёслыя былі часы, верылі ў перамогу дэмакратыі. Ад яго заўсёды выпраменьваліся зычлівасьць, інтэлігентнасьць, аптымізм. Ён быў выбітным змагаром за нацыянальнае адраджэньне. Сьветлым быў чалавекам. Вечная памяць».
У Міхася Шавыркіна засталіся ўдава, сын, дачка, унук і ўнучка.
Разьвітаньне зь Міхасём Шавыркіна адбудзецца 7 ліпеня а 15-й гадзіне ў сталічным крэматорыі на Паўночных могілках.