Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску стварылі групу падтрымкі Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага


У Менску прайшла вечарына салідарнасьці з Андрэем Бандарэнкам і Міхаілам Жамчужным

Актывістка ініцыятывы «За волю» Ганна Шапуцька пералічыла ўчынкі Андрэя Бандарэнкі як праваабаронцы, якія маглі выклікаць незадавальненьне з боку ўладаў:

— выступіў з трыбуны ААН са справаздачай аб сытуацыі ў беларускіх калёніях і турмах;

— выступіў супроць правядзеньня ў Менску чэмпіянату сьвету па хакеі, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні;

— агалосіў справу вязьня глыбоцкай турмы Юрыя Чыгілейчыка;

— агалосіў справу памерлага на «Валадарцы» Ігара Пцічкіна;

— агалосіў справу зьбітага міліцыяй вартаўніка з Менску Васіля Сарочыка;

— агалосіў справу зьбітых міліцыяй братоў Шкурко зь Ліды.

«Пры такім паслужным сьпісе не было б таго выпадку з хуліганствам — улады б арганізавалі што іншае, але ўсё роўна пасадзілі б яго за краты», — мяркуе Ганна Шапуцька. Актывістка лічыць, што адносна праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі была ўчыненая сплянаваная правакацыя.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў адмыслова вывучаў матэрыялы справы Андрэя Бандарэнкі і прысутнічаў на пасяджаньнях судовага працэсу над праваабаронцам. «Убачыў шмат супярэчнасьцяў у паказаньнях пацярпелых, асабліва Яворскага і сьведак. Мяркую, што доказы адносна злоснага хуліганства былі сфабрыкаваныя, а сапраўдных доказаў я ня ўбачыў. Справу пра дробнае хуліганства яўна „нацягнулі“ на крымінальны артыкул, каб расправіцца», — выказаў сваю пазыцыю Міхаіл Пастухоў і падтрымаў прапанову прызнаць, што Андрэя Бандарэнку ўлады перасьледуюць з палітычных прычын.

За прызнаньне Андрэя Бандарэнкі палітвязьнем выказаўся былы намесьнік старшыні АГП Аляксандр Дабравольскі. Спадар Дабравольскі нагадаў, што Бандарэнка адным зь першых у Беларусі пачаў бараніць ад свавольства міліцыі ня толькі палітычных актывістаў: «Ён абараняў неідэальных людзей і пацярпеў з-за гэтага, бо пасьля ягонага ўмяшальніцтва ў шмат якія справы ўсім стала вядома пра цёмныя бакі дзейнасьці пэўных праваахоўнікаў». Паводле Аляксандра Дабравольскага, які як юрыст вывучаў справу Бандарэнкі, ягоны ўчынак цягнуў максымум на адміністрацыйны штраф. «Між тым Андрэю прыпісалі ўжываньне зброі, якую убачылі ў звычайных ключах. Гэта абсурд!» — абурыўся Аляксандар Дабравольскі. Таксама ён лічыць, што ўладамі была справакаваная і справа калегі Бандарэнкі Міхаіла Жамчужнага, які стаў заснавальнікам «Плятформы інавэйшн» пасьля закрыцьця ўладамі яе папярэдніцы, ўстановы «Плятформа».

Валер Бандарэнка
Валер Бандарэнка

Бацька Андрэя Бандарэнкі Валер Бандарэнка расказаў апошнія навіны пра сына: «Ён у Бабруйскай калёніі, мусіць адмаўляцца ад казённай ежы, ня ходзіць у сталоўку з-за адносінаў часткі вязьняў. Ведаю, што ў калёніі зноў пачалася праверка, пасьля якой яго другім разам могуць зьмясьціць ў адзіночку».

Па выніках паседжаньня актывісты стварылі ініцыятыўную групу ў абарону Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага, а таксама падрыхтавалі шэраг зваротаў да грамадзкасьці, праваабаронцаў і ў Генэральную пракуратуру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG