Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Чарнобылем загінуў «сталкер» з Жодзіна


Антэны загарызонтнай радыёлякацыйнай станцыі «Дуга» каля Чарнобылю
Антэны загарызонтнай радыёлякацыйнай станцыі «Дуга» каля Чарнобылю

Нелегальны турыст палез на малую антэну пакінутай радыёлякацыйнай станцыі «Дуга» і сарваўся з 15-мэтровай вышыні. Трагічны выпадак здарыўся 27 лістапада ў былым сакрэтным вайсковым горадзе Чарнобыль-2 непадалёк ад ЧАЭС.

Загінулы — знаны ў асяродзьдзі сталкераў 33-гадовы жыхар Жодзіна Зьміцер Ш. З 2011 году ён шмат разоў прабіраўся на абʼекты ў зоне адчужэньня.

Неаднойчы ён узлазіў і на самы верх радыёлякацыйнага комплексу «Дуга».

Error rendering VK.

(Зьміцер справа)

Error rendering VK.

Сталкеры, зь якімі пагаварыла Свабода, расказалі, што звычайна нелегальныя турысты ня ўзлазяць на малую 100-мэтровую антэну, бо суседняя — вышэйшая на 50 мэтраў. Магчыма, Зьміцер таму і выбраў малую антэну, што на яе мала хто падымаўся.

Чаму вопытны сталкер сарваўся з 15-мэтровай вышыні, невядома. Прычынай маглі быць праржавелыя канструкцыі, коўзкая паверхня ці неасьцярожны рух.

Загарызонтная радыёлякацыйная станцыя «Дуга» — адзін з найбольш вядомых вайсковых аб'ектаў ня толькі зоны адчужэньня, але і ўсяго Савецкага Саюзу. Яна стваралася, каб адсочваць міжкантынэнтальныя ракеты на адлегласьці да 3 тысяч кілямэтраў. У паўнавартасную эксплюатацыю яе ўвялі ў 1985 годзе, аднак неўзабаве пасьля катастрофы на ЧАЭС баявое дзяжурства было спынена назаўжды.

У сталкерскіх суполках пішуць, што Зьміцер Ш. быў настолькі зачараваны «мёртвым хараством» зоны адчужэньня, што нават заснаваў некамэрцыйную арганізацыю, якая вывучала сакрэты пакінутых мясьцін.

У яго засталіся жонка і двое дзяцей.

Паліцыя: «Беларус не разьлічыў свае сілы»

У рэгіянальным аддзеле паліцыі Свабодзе сказалі, што беларус нелегальна трапіў у Чарнобыль-2 разам зь іншымі сталкерамі — яшчэ адным беларусам і расейкаю. Яны, як і большасьць незаконных турыстаў-экстрэмалаў, хацелі атрымаць яркія ўражаньні і фота на радыёлякацыйнай вежы «Дуга-1».

«33-гадовы беларус не разьлічыў свае сілы і сарваўся з 15-мэтровай вышыні. У паліцыю зьвярнуўся ягоны сябар. Але калі паліцэйскія прыехалі на месца здарэньня, выклікаўшы хуткую дапамогу, турыст памёр ад атрыманых траўмаў», — паведамілі ў паліцыі.

Па факце гібелі завялі крымінальную справу.

На спадарожнікаў загінулага склалі адміністратыўныя пратаколы за парушэньні патрабаваньняў рэжыму радыяцыйнай бясьпекі ў мясцовасьцях, якія пацярпелі ад радыяактыўнага забруджваньня. Ім пагражае невялікі штраф.

Аб’ект «Дуга-1» і былы вайсковы горад Чарнобыль-2 можна наведваць легальна. Ва Ўкраіне такія туры прапануе нацыянальны правайдэр экскурсій у чарнобыльскую зону.

«Для грамадзян Беларусі аднадзённы тур у Чарнобыль-2 абыдзецца ў 69 даляраў у выходны дзень і 95 даляраў — у працоўныя дні. Для расейцаў кошт такой экскурсіі складае адпаведна 88 і 115 даляраў», — сказала Свабодзе прадстаўніца «Чарнобыль-туру».

Але ўздымацца на радыёлякацыйныя вежы не дазволена ні пры якіх умовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG