Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі ў апатыі, улада не знайшла лёзунгу для мабілізацыі»


Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Калі параўноўваць колькасьць подпісаў, якія сабралі за першы тыдзень ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі, з дадзенымі выбарчых кампаніяў 2006 і 2010 гадоў, то выразна бачна, што сёлета збор рэзка — на дзясяткі тысяч — упаў.

Гэтую зьяву для Свабоды камэнтуе экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Сяргей Нікалюк.

Аналітык падкрэсьлівае, што апошняя дэкада ліпеня і дзьве першыя дэкады жніўня — выключна неспрыяльны час, каб зьбіраць подпісы выбарцаў. У гэтыя дні шмат людзей альбо адпачываюць далёка ад дому, альбо пасьля працоўнага дня адразу зьяжджаюць на лецішчы, таму знайсьці іх значна цяжэй — лічыць экспэрт:

«Аднак самае галоўнае ня ў гэтым. Мы сапраўды апынуліся ў нейкай яме. Чаму? У нас ёсьць свая асаблівасьць выбарчых кампаніяў. У Беларусі парлямэнцкія і мясцовыя выбары заўжды праходзілі, як адзначаў сам Лукашэнка, у сумным рэжыме. То бок улада не займалася мабілізацыяй сваіх прыхільнікаў. А закон тут такі — калі вы мабілізуеце сваіх прыхільнікаў, вы адначасова аўтаматычна мабілізуеце і сваіх праціўнікаў. І праз гэта вы палярызуеце грамадзтва.

А вось на прэзыдэнцкіх выбарах улада заўжды праводзіла кампанію мабілізацыі. Менавіта на прэзыдэнцкіх. А цяпер гэтага ня бачна.

І вось чаму. Падчас усіх папярэдніх выбараў (1994 год зь вядомых прычынаў адкідаем убок) ва ўлады былі падставы для мабілізацыі. Яна праводзіліся пад лёзунгам дасягнутых посьпехаў. Менавіта да гэтых посьпехаў улада і прыцягвала ўвагу. І махала імі, як сьцягам. І трэба ў цэлым прызнаць, што, калі ацэньваць сытуацыю фармальна, ёй было што сказаць. Праўда, посьпех апошняй прэзыдэнцкай кампаніі — заробак у 500 даляраў — мы памятаем, якой цаной дастаўся. Выбары — у сьнежні, а на пачатку году наш рубель абваліўся. А ў сёлетняй кампаніі такога посьпеху няма. Няма чаго гаварыць людзям».

Уладзе няма чаго гаварыць людзям

Экспэрт Сяргей Нікалюк адзначае, што ўлада яшчэ не знайшла, чым прывабіць выбарцаў:

«Мяне вельмі зьдзівіў лёзунг сёлетняй кампаніі Лукашэнкі — „За будучыню незалежнай Беларусі“. Якая яна, карціна будучыні, за якую агітуе каманда Лукашэнкі? Карціны будучыні цяпер няма. Раней яна вымалёўвалася вельмі выразна: сёньня заробак 100 даляраў, заўтра — 150, пасьля — 200, затым — 500. І мы ж памятаем плян на гэтую пяцігодку. Ён запісаны ў рашэньнях Усебеларускага народнага сходу — 1000 даляраў на месяц. Вось такая карціна будучыні. А якая яна цяпер, я шчыра не разумею. Я чытаю ўсе выступы Аляксандра Рыгоравіча, але ніякай карціны будучыні я ня бачу. Ні ў чым!»

Спадар Нікалюк заўважае, што і дзяржаўныя мэдыі цяпер у стане пэўнай разгубленасьці:

«Грамадзтва ў беларусаў стварае тэлевізар. А тэлевізар у гэтым напрамку пакуль на поўную катушку не працуе. Грамадзтва яшчэ не зразумела ўсіх эканамічных праблемаў, якія чакаюць яго ў будучыні. Людзі іх, зразумела, бачаць і лічаць нэгатыўнымі зьявамі. Але не палохаюцца, бо ўжо ня раз бачылі нэгатыўныя рэчы. І ў 2011 годзе, і ў 2009, і раней. Але тады гэта былі часовыя нэгатыўныя зьявы. А тое, што мы сёньня маем справу не з часовымі, не з цыклічнымі зьявамі, бо праз год-два гэтым разам нічога не рассмокчацца, — гэтага грамадзтва яшчэ не разумее. Таму яно і ў апатыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG