Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міс сьвету на вазку», якую не хацелі пускаць ў менскі бар: Ня веру ў іх клопат пра маю бясьпеку


Аляксандра Чычыкава, архіўнае фота
Аляксандра Чычыкава, архіўнае фота

Інцыдэнт з прыгажуняй здарыўся ў ноч на 25 лютага. Аляксандра Чычыкава зь сябрамі наведала вуліцу Зыбіцкую, дзе ў выходныя заўсёды шмат людзей, а вольных месцаў часта не хапае. Пасьля больш як паўгадзіннага шпацыру па начным марозе дзяўчына са спадарожнікамі зайшла ў бар «Туманы», дзе раней ніколі не была. «Думалі, адразу сагрэемся, адпачнем, але яшчэ колькі хвілін спрачаліся з ахоўнікамі на ўваходзе», — кажа Аляксандра. Дзяўчына не выключае, што ўсё далейшае адбылося зь ёй таму, што яна інвалід.

«Дабраліся толькі да гардэробу»

«Я ж была на вазку, і мяне не хацелі пускаць. Казалі, што гэта дзеля маёй жа бясьпекі, бо бар у падвале, а туды вядзе вузкая лесьвіца, маўляў, цяжка спускацца. Таксама казалі, што там шмат нецьвярозых людзей і мне там нібыта будзе некамфортна. Але мы настойвалі, я выклікала мэнэджэра і прапанавала яму, што сябар занясе мяне на руках, а другі сябар занясе ў бар вазок. Мэнэджэр з гэтым пагадзіўся, але папярэдзіў, што адказнасьць, калі што, будзе на нас. Добра.

Мы зь сябрам спусьціліся ў гардэроб, але другі сябар, які меўся прынесьці вазок, так і не зьявіўся. Зноў дачакаліся мэнэджэра, і той раптам кажа, што наш сябар нецьвярозы і таму ахоўнікі яго ня пусьцяць, бо нельга ў грамадзкае месца прыходзіць нецьвярозым. Выходзіць, а што там усе нецьвярозыя, гэта ўжо ня важна? На гэта маўчыць, а нам паўтарае, што „вось празь нецьвярозага сябра мы ня трапілі ў бар“.

У выніку мы падняліся, і сябар расказаў, як зь ім было. Што трымаў у руках вазок ды адначасова спрабаваў адчыніць дзьверы, бо ахоўнікі ж не дапамагалі, пасьлізнуўся і сапраўды паваліўся. Так, ён быў не зусім цьвярозы, але цалкам у нармальным стане, проста больш за паўгадзіны чалавек прабыў на такім марозе! Але нас ужо слухаць не хацелі. Давялося вы́клікаць таксі ды зьехаць».

«Скаргу пакуль накіруем толькі ўласьніку бару»

Гэтыя акалічнасьці інцыдэнту Аляксандра Чычыкава расказала карэспандэнту Свабоды ў офісе па правах людзей з інваліднасьцю. Прыйшла туды па дапамогу, бо лічыць, што зь ёй абышліся несправядліва.

«Мяркую, мае правы былі парушаныя. Мне не аказалі паслугу, на якую я мела права і дзеля чаго прыйшла ў гэты бар. Мне не далі такой магчымасьці. Тое, што яны кажуць пра захады бясьпекі, гэта, мяркую, такія словы. Насамрэч, падазраю, прычына ў іншым».

Дарэчы, у бары «Туманы» Аляксандра была ўпершыню. «Шмат чула пра іх і добрага, і ня вельмі. Вось хацела праверыць, не атрымалася».

Кіраўнік офісу Сяргей Драздоўскі, сам інвалід-вазочнік, выслухаў Аляксандру і дапамог скласьці скаргу. Лёс гэтай паперы Сяргей прадказаць не бярэцца.

Сяргей Драздоўскі
Сяргей Драздоўскі

«Спачатку адправім скаргу Аляксандры на імя гаспадара бару і пачакаем. Цалкам нармальна ў такой сытуацыі ўласьніку адумацца і зрабіць высновы. У нас такое ўжо бывала, калі дырэктар падобнага прадпрыемства адумваўся і рабіў адэкватныя крокі. У гэтай гісторыі цалкам відавочна, што не хацелі пускаць наведніка з прычыны ягонай інваліднасьці. Калі адказ нас не задаволіць, будзем думаць, што рабіць далей», — сказаў Сяргей Драздоўскі.

У бары «Туманы» камэнтаваць учорашні інцыдэнт з удзелам Аляксандры Чычыкавай не пажадалі. Мэнэджэр бару Аляксандра сказала, што ня ведае акалічнасьцяў інцыдэнту, бо тады не працавала. Дырэктаркі бару Веранікі Шышкоўскай на месцы не аказалася, а яе тэлефон мэнэджэр паведаміць адмовілася. На тэлефонны нумар карэспандэнта Свабоды, пакінуты ў бары, да канца дня адтуль не пазванілі.

Саша Чычыкава і яшчэ 9 чалавек сталі ляўрэатамі прэміі «Людзі Свабоды-2017»

Зыбіцкая вуліца з вышыні птушынага палёту (уздоўж ракі)
Зыбіцкая вуліца з вышыні птушынага палёту (уздоўж ракі)

«Пры чым тут міліцыя?»

Ці могуць ахоўнікі не пусьціць у бар наведніка-інваліда, спаслаўшыся на меркаваньні ягонай бясьпекі? Гэтае пытаньне я задаў супрацоўніцы прэсавай службы менскай гарадзкой міліцыі. «Пры чым тут міліцыя?» — зьдзівілася супрацоўніца, а потым папрасіла час для кансультацыі. Праўда, больш на званкі не адказала.

Інвалід-вазочнік Сяргей Драздоўскі, камэнтуючы сытуацыю, у якую трапіла Аляксандра Чычыкава, адразу нагадаў, што з 1994 году ўводзіць у эксплюатацыю пасьля будаўніцтва ці рэканструкцыі сацыяльныя абʼекты без выкананьня правілаў даступнасьці для інвалідаў забаронена.

«Гэта тычыцца любога абʼекта: кафэ, рэстарану, сталовай, нават бару ў падвале. А тое, што яны вось гэтак усё ж адкрыліся і працуюць, што вазочнікі ня могуць трапіць без адмысловай дапамогі, гэта пытаньне да мясцовых уладаў. Значыць, гэтак яны паважаюць закон», — сказаў праваабаронца.

Пры гэтым асноўную адказнасьць Сяргей Драздоўскі ўскладае на ўласьніка бару, які мусіць ведаць патрабаваньні закону.

«Як яны павінны забясьпечваць такую даступнасьць — гэта іх пытаньне. Ліфт будаваць ці падʼёмнік, але гэта павінна быць», — перакананы Сяргей Драздоўскі.

Таксама праваабаронца мяркуе, што ніхто ня мае права ўводзіць у правілы бясьпекі нейкія абмежаваньні паводле прыкметы інваліднасьці.

«Гэта забаронена нават Канстытуцыяй, ня кажучы пра Канвэнцыю аб правах інвалідаў, у якой гэта больш падрабязна расьпісана».

У 2016 годзе Беларусь падпісала «Канвэнцыю аб правах людзей з інваліднасьцю», прынятую ААН яшчэ ў 2006 годзе. У адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам урад Беларусі ўзяў на сябе абавязкі забясьпечыць інвалідам роўныя з усімі грамадзянамі ўмовы для жыцьця і працы, а таксама бараніць іх ад дыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасьці.

Аляксандра Чычыкава
Аляксандра Чычыкава

Летась 23-гадовая мянчанка Аляксандра Чычыкава стала «Міс сьвету — 2017 на вазку». Конкурс адбыўся ў Варшаве 7 кастрычніка, у ім бралі ўдзел 24 дзяўчыны з розных краін сьвету. Аляксандра Чычыкава вядомая таксама як акторка Свабоднага тэатру. Вывучае ва ўнівэрсытэце псыхалёгію і сацыяльную пэдагогіку.

Зь неабмежаванымі магчымасьцямі: 10 беларусаў, якія ламаюць стэрэатыпы пра інвалідаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG