Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цырк, аптэка і трусы ў засьценках: беларускія моўныя загадкі для расейскага госьця


Пра беларускія словы зь нечаканым для ўсходняга турыста значэньнем. Кукла — гэта прычоска ці магічны залом у жыце. А беларускі засьценак — для талковых і заможных.

На травеньскія доўгія выходныя ў Беларусь традыцыйна едуць чароды турыстаў з Усходу.

Пакуль што гэтыя (фактычна новыя) міжкультурныя кантакты й шокі не дасьледавалі этнографы й сацыёлягі. А можна ж, прыкладам, ацаніць уплыў прапагандысцкіх стэрэатыпаў на сьвядомасьць гасьцей паводле іхных выказваньняў. Часам яны дзівяцца, а то і абураюцца, калі ў іх не прымаюць для разьліку расейскія рублі,— г. зн. перабольшваюць ступень дзяржаўна-палітычнай еднасьці.

Нас цікавяць найперш моўныя аспэкты такога пазнаньня Беларусі. Заўважана, і зь сеціўных рэфлексіяў вядома, што ў расейскіх гасьцей выклікаюць эмоцыі вядомыя рысы беларускага правапісу — і аканьне, і напісаньне Ы пасьля шыпячых літараў, Р і спрадвечнага Ц. Напрыклад, у слове ЦЫРК (акурат міма Беларускага дзяржаўнага цырку праходзіць галоўны праспэкт).

Рэакцыя на беларускую мову ў расейскіх сацыяльных сетках
Рэакцыя на беларускую мову ў расейскіх сацыяльных сетках

Хаця ў расейскім вымаўленьні аналягічныя рысы ёсьць, проста яны на пісьме не пазначаюцца.

А калі б беларускае мовы ў аўдыёвізуальнай прасторы Менску было болей — то і заежджыя з-за Смаленску дайшлі б хутчэй да адкрыцьця, што тут іншы народ зь інакшаю, а не сапсаванаю расейскаю, моваю. Так і было ў 1990-я.

Чароўны трусік не прайшоў расейскай моўнай цэнзуры

Калярыту сьвежаму погляду з усходу надаюць міжмоўныя амонімы, дакладней, паронімы — г. зн. ідэнтычныя або вельмі падобныя словы з розным значэньнем. Некага бянтэжыць паранімічнасьць нашага вушастага трусіка зь іхнымі трусами, то бок майткамі.

Юрась Дземідовіч, аўтар і выканаўца містычнага гіта „Дзіцячай Эўравізіі“ 2009 году „Чароўны трусік“, асьцярогся выканаць песьню ў перакладзе Сяргея Балахонава менавіта пра трусіка:

Чароўны трусік
Выводзіць крэйдай плюсік,
Вершы складае,
На скрыпачцы грае.
Чароўны трусік
Выводзіць крэйдай плюсік,
На скрыпачцы грае,
Сумуе па маме.

Дземідовіч і ў беларускім варыянце сьпяваў пра чужамоўнага „кроліка“— не без уплыву расейскамоўнае прасторы.

Яшчэ прыклады. Шпалерамі ў нас абклейваюць сьцены, некалі і на крамах былі вывескі „Шпалеры“. А ў расейскай мове гэта шэраг некага ці нечага, напрыклад, „шпалеры гвардейцев по сторонам пути следования его императорского величества.

Штучны выраб у нас азначае ненатуральны (прыкладам, штучнае футра), у расейскай жа мове аналягічнае слова паходзіць ад „штука“ — адзінка — і яно пра нешта, што прадаюць ці вырабляюць паасобку. Адсюль праславуты штучный отдел савецкіх гастраномаў. Па-беларуску лягічна раздробны аддзел.

Міжмоўная паранімія можа праяўляцца і на найвышэйшым дзяржаўным роўні.

Засьценкі Аляксандра Грыгор’евіча

24 кастрычніка 2013 году, Менск. Двое вядомых сваім дэмакратызмам валадароў абменьваюцца рэплікамі. Лукашэнка апраўдваецца за збоі ў працы мікрафонаў у новазбудаваным палацы:

Работает все! Здесь управляется, за стенкой!

В застенках всё управляется у Александра Григорьевича“, — як бы жартуе ў адказ Пуцін.

Расейскамоўная рэпліка паводле зьместу правільная, стасуецца ў роўнай ступені і аўтара рэплікі. Але калі б Пуціна пачуў адукаваны беларускамоўны чалавек, ён бы адрэагаваў, абгуляўшы міжмоўную паранімію.

У беларускай мове такі жарт немагчымы. Засьценак у нас — пазытыўнае слова. Здаўна яно абазначала меру зямельнай плошчы, а паселішчы з такой назвай узьніклі ў XVI ст. у выніку Валочнай памеры — зямельнай рэформы. Землі па-за межамі (або па-за сьценамі) буйных уладаньняў арандавала шляхта і заможныя сяляне. Засьценак — некалькі іхных двароў. Жыхары засьценкаў з XVIII ст. першыя сярод земляробаў заводзілі конныя млыны, бровары, іншыя прадпрыемствы.

Якуб Колас уклаў у вусны галоўнага героя „Новай зямлі“ Міхала, які тую зямлю ўсё жыцьцё шукаў, вобраз засьценку як даступнага ідэалу быцьця свабодным:

...Няма зямлі свае і хаты,
І мусіш гнуцца, як пракляты,
Бо ты ні мяса і ні рыба.

Ідзе Міхал, прад ім сяліба,
Засьценак добра так знаёмы,
І хоць няважныя харомы
Тут гэта шляхта збудавала,
Але жыве і гора мала!
Хоць шляхціц цёмны, як саган,
Затое ж сам сабе ён пан:
Паноў лясьнічых знаць ня знае,
Прад імі сьпіны не згінае:
Пад бокам паша, агароды,
І лес, і поле — ўсе выгоды.
Міхал зірнуў і пазайздросьціў:
Чаму й ня ён між ягамосьцяў?

Засьценкі зваліся звычайна паводле прозьвішча першага арандатара, напрыклад, засьценак Акінчыцы, зьвязаны з родам Міцкевічаў і адпаведна Якуба Коласа на Стаўпеччыне.

Для лірычнай гераіні „Народнага альбому“ засьценак хоць не сталіца, але ж малая радзіма. Песьню „Паляўнічы” сьпявае Кася Камоцкая і „Новае неба“:

Буду я частавацца шампанам,
Буду слухаць нактурны Шапэна,
Буду я забаўляцца, а рана
Я вярнуся ў родны засьценак
Я вярнуся ў цёмны засьценак.

Нават у БССР фармальна засьценак як асобны від паселішча прызнаваўся да 1938 году.

У Расеі хутароў і засьценкаў, дзе жылі свабодныя гаспадары, не было. Там застенок — ‘место пыток, тюремных истязаний’. Паходзіць ад старога выразу са значэньнем ‘заднее помещение’, таго ж паходжаньня застенчивый.

А ў беларускіх слоўніках, нават афіцыйных савецкіх, слова засьценак у не ўласьцівым беларускай мове значэньні дакадна абмежаванае геаграфіяй —

„месца жорсткіх катаваньняў у час сьледзтва і допыту ў Маскоўскай Русі“.

Наагул жа на беларускую мову правільна яго перакладаць словам катавальня.

Акрамя агульнавядомых расейска-беларускіх паронімаў накшталт нядзеля і неделя, плот у расейскай, які плывучы, і плот у беларускай, ёсьць менш знаныя.

Кукла ў выбарчай камісіі

Можа некаму навіна, але ў беларускай мове маем слова кукла. У гаворках яно азначае пасму (зьвязку) начасанага лёну — кужалю, або і залом (а гэта міталягічная зьява: калі чараўнік зблытвае і заломвае жмут жытніх сьцёблаў, каб наклікаць бяду на гаспадара). Яшчэ адно блізкае значэньне слова кукла — жаночая прычоска: сабраныя ў касу валасы закручваюцца ззаду. Так раней часта выглядалі афіцыйныя жанчыны, скажам, у выбарчых камісіях.

Кукла на галаве
Кукла на галаве

Куклай дзе-нідзе назавуць амялу, а на Тураўшчыне — сусла для немаўляці.

Беларускае слова гэтае ўва ўсіх значэньнях — сваё спрадвечнае, корань кук- азначае зьвязку, кулак і нават хвігу, адсюль слова кукіш.

Расейская кукла — у сэнсе лялька — зусім іншага паходжаньня, з грэцкай мовы. Расейская назва антрапаморфнай цацкі кукла розьніцца ад усіх іншых славянскіх, акрамя баўгарскай. А вось мовы ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай — беларуская, украінская, польская, літоўская, латыская і ідыш — маюць для лялькі слова з коранем ляль ці лель.

Глаз і глыз

Ёсьць яшчэ прыклады лексычнага кантрасту расейскае мовы зь іншымі славянскімі. Скажам, ува ўсіх славянскіх мовах (і балцкіх таксама) орган зроку завецца вока — адпаведна фанэтыцы той ці іншай мовы. І толькі ў расейскай алітаратурнай мове ўнікальнае слова для вока — глаз. Око, очи ў расейскай мове засталося толькі ў высокіх стылях. Сучасныя расейцы дзівяцца, што ў нас слова вочы зусім звычайнае. Хаця можа быць і вельмі паэтычным.

Расейскае слова „глаз“ у значэньні вока не спрадвечнае. Да XVII ст. яно там азначала каменьчык, галку (у сэнсе ‘шарык’). У такім значэньні гэта старое слова, вядомае многім славянскім мовам.

У беларускай тураўскай гаворцы зьбераглося слова глазкí акурат са значэньнем ‘каменьчыкі’, а менавіта грузілы на рыбалоўнай сетцы — лаце. У лаці зьверху коркі, а ўнізу — глазкí. (вёска Альшаны).

У польскай мове таксама ёсьць слова głaz, якое на расейскую перакладаецца прыблізна як булыжник.

Параўнайма яшчэ беларускія глыз, глыжак, глыжмень. „Глыз” ужывае ў значэньні ‘камяк цьвёрдай зямлі’ Сяржук Сокалаў-Воюш. Песьня „Прыстанкі”:

Брэх сабак за сьпіной. Хто ўратуе і хто абароніць?
Друк кедровы, ды глыз, ды надзеі прыцемнены дым,
Ды ня зьнішчыць пагоняй таго, хто жыве пад Пагоняй,
Хто нясе яе ў сэрцы, ў параненым сэрцы сваім.

Глыз — апошняя зброя ўцекача з сыбірскага лягеру.

Спачатку расейскае слова глазы было экспрэсіўным і зьніжаным, зь пераносам значэньня падобна як у сучасным выразе накшталт „шары выкатил”.

Вочы як круглыя каменьчыкі ці то глазы
Вочы як круглыя каменьчыкі ці то глазы

А потым і стала асноўным словам для абазначэньня органу зроку ў расейскай літаратурнай мове. (Гэтую думку фармулюе расейскі этымоляг Мікалай Шанскі.) Падобнага працэсу — каб экспрэсіўныя словы накшталт нашых зікры, бáкулы, лупачы сталі нэўтральнымі назвамі вачэй — не зафіксавана ў іншых славянскіх мовах.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG