Гурт Trollwald, заснаваны Андрэем Апановічам і іншымі былымі ўдзельнікамі Litvintroll, выдаў да бясплатнага праслухоўваньня на Soundcloud дэбютны міні-альбом «У гушчарах».
Як і абяцаў Апановіч, у альбоме не аказалася старых песень Litvintroll (хоць цалкам ад іх выкананьня гурт не адмаўляецца), як і песень на народныя тэксты:
«Тэксты будуць сур’ёзныя, філязофскія, – казаў ён Свабодзе раней. – Адна зь песень будзе «Ў гушчарах«, але гэта ня той верш, там будзе пра мужыка, які пасварыўся з жонкай, у карчме «накідаўся«, прачнуўся ў лесе і ня ведае, як знайсьці дарогу дадому».
Паслухаць Trollwald нажывую ў бліжэйшы час можна будзе 19 сакавіка ў Берасьці на супольным канцэрце са Znich, а 20 сакавіка – у Менску на Фэсьце вясновага раўнадзенства разам са Znich, Omut, Folcore і Alfar.
Litvintroll спыніў існаваньне ў 2015 годзе праз канфлікт былога дудара гурту Васіля Верабейчыкава зь іншымі ўдзельнікамі гурту. Верабейчыкаў пакінуў за сабой правы на назву гурту, але стварыў новы – таксама фольк-мэталёвы Sakramant, у дэбютным запісе якога ўзяў удзел лідэр Gods Tower Лэсьлі Найф. Цяпер гурт шукае сталага вакаліста альбо вакалістку.