Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі міністар параіў Беларусі шукаць новыя рынкі збыту малака


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандар Ткачоў у інтэрвію РИА Новости заявіў, што Беларусі варта шукаць іншыя рынкі збыту малака, бо ў Расеі будуць «прыцясьняць» замежных вытворцаў.

«Калі яны вырашылі нас нахіляць, будзем шукаць іншыя рынкі». Лукашэнка пагражае Расеі дывэрсыфікацыяй

Паводле Аляксандра Ткачова, у Расеі з кожным годам расьце вытворчасьць уласнага малака. Але ён сам дадае: у той час, як вытворчасьць уласнага малака вырасла на 2,2 млн тонаў на год, імпарт скараціўся на большы аб’ём — на 2,8 млн тонаў.

Ён таксама наракаў: вытворцы малочных прадуктаў у закупках аддаюць перавагу не сырому малаку, а больш таннай «і не заўсёды якаснай» сыравіне. У міністэрства, дадаў ён, дагэтуль няма мэтодыкі па вызначэньні долі сухога малака ў малочных прадуктах, што дае прадпрыемствам магчымасьць выкарыстоўваць шмат дзе сухое малако.

Новая «малочная» вайна і яе ахвяры

Беларусь, кажа Ткачоў, зьяўляецца найбуйнейшым экспарцёрам малака ў Расею з 86% рынку імпартнай малочнай прадукцыі, рост беларускіх паставак за тры гады склаў 24%. У тым ліку Беларусь пастаўляе «значную частку» сухога малака, і нават «перавыконвае плян»: замест дамоўленых 80 тысяч тонаў за 2017 год было пастаўлена 101,1 тысячы тонаў.

«Канешне, беларусы павінны шукаць новыя рынкі збыту, таму што ў нас сур’ёзныя намеры напаіць расейцаў айчынным малаком, — казаў Ткачоў. — Мы плянуем у бліжэйшыя 5-7 гадоў закрыць гэтае пытаньне, але пакуль бачым, што нармальнаму разьвіцьцю рынку перашкаджае нядобрасумленная канкурэнцыя з малочнай прадукцыяй, што зьмяшчае расьлінныя тлушчы, і сухім малаком.

Аляксандар Ткачоў (у цэнтры), архіўнае фота
Аляксандар Ткачоў (у цэнтры), архіўнае фота

Беларускія пастаўшчыкі сухога абястлушчанага малака адкрыта дэмпінгуюць пры пастаўках на расейскі рынак. Толькі за два няпоўныя месяцы 2018 года Беларусь двойчы зьніжала экспартныя цэны на сухое абястлушчанае малако. Напрыклад, у сакавіку 2018 году сухое малако з Беларусі каштавала 103,5 рубля за кіляграм, амаль на 40% ніжэй, чым у студзені 2017 году. Шмат у чым гэта зьвязана з ростам вытворчасьці малака ў самой Беларусі і краінах Прыбалтыкі, што сурʼёзна цісьне на кошт».

Ткачоў наракаў і на тое, што праз адсутнасьць мытнага кантролю між Беларусьсю і Расеяй зьвесткі аб пастаўках паступаюць у міністэрства са спазьненьнем на 45 дзён. Праз спрошчаную працэдуру ўвозу ў Расею прадукцыі з краінаў Эўразійскага эканамічнага саюзу можа ўвозіцца няякасная прадукцыя, а ў беларускай «малочцы» ў 2017 годзе знаходзілі «расьлінныя тлушчы і рэшткі антыбіётыкаў».

Пры гэтым менавіта праз рэглямэнт ЭАЭС беларускія вытворцы малака фактычна ня могуць пісаць на этыкетках толькі слова «Малако»: можна або толькі па-расейску, «Молоко», або па-расейску і па-беларуску адначасова.

Міністэрства гандлю супраць беларускамоўных

Супраць няякаснай прадукцыі з-за мяжы міністар прапанаваў ужыць комплекс эканамічных, нарматыўных і галіновых мераў — пытаньне больш жорсткіх тэхнічных рэглямэнтаў «не насьпела, а перасьпела», казаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG