Парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім наведала Курапаты.
Палітыкі ўсклалі вянкі, запалілі сьвечкі і памаліліся каля крыжоў, усталяваных у памяць закатаваных палякаў, а таксама ўсіх ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі.
Рышард Тэрлецкі прывітаўся і паразмаўляў з прадстаўнікамі польскай дыяспары ў Беларусі, якія прысутнічалі на цырымоніі ўшанаваньня памяці загінулых, а таксама адказаў на пытаньні журналістаў.
Як сказаў польскі віцэ-сьпікер, візыт у Беларусь парлямэнцкай дэлегацыі Польшчы — элемэнт наладжваньня стасункаў паміж краінамі:
«Адмена санкцыяў у дачыненьні да Беларусі дала новы штуршок у міждзяржаўных узаемадачыненьнях», — адзначыў ён і выказаў спадзяваньне, што беларускія парлямэнцкія выбары будуць празрыстымі і адкрытымі, што «дасьць дадатковыя магчымасьці для далейшага супрацоўніцтва».
«У сваю чаргу эўрапейская супольнасьць будзе сачыць за ходам выбараў у якасьці назіральнікаў», — дадаў Тэрлецкі.
Журналісты пацікавіліся, якія пытаньні абмяркоўваліся на сустрэчы польскай дэлегацыі з кіраўніцтвам абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі. Як сказаў Тэрлецкі, гаворка ішла пра адкрыцьцё гістарычных архіваў, сытуацыю з двума польскімі зьвязамі, адзін зь якіх беларускімі ўладамі не прызнаны, пра памежны рух, эканамічныя праекты, нацыянальныя і культурныя пытаньні, а таксама пра сродкі масавай інфармацыі.
Пра візыт польскай дэлегацыі ў Курапаты Тэрлецкі дадаў:
«Курапаты — гэта сьвятое месца ў Беларусі для палякаў і іншых народаў. Мы прыходзім сюды як пілігрымы, каб памаліцца, а таксама ў надзеі паспрыяць адкрыцьцю ўсіх таямніц, якія тычацца гэтага месца».