І праўладны, і незалежны саюз журналістаў распаўсюдзілі заявы ў сувязі са сьмерцю беларускага журналіста Паўла Шарамета сёньня раніцай у Кіеве.
Праўладны Беларускі саюз журналістаў заклікаў улады Ўкраіны ўзяць на асаблівы кантроль расьсьледаваньне гібелі Паўла Шарамета, перадае заяву БСЖ БЕЛТА.
Беларускі саюз журналістаў выказаў спачуваньне родным і блізкім нябожчыка.
«Мы таксама выказваем салідарнасьць з журналісцкай супольнасьцю Ўкраіны і гатовыя аказаць усялякую падтрымку ў справе абароны права на свабоднае выказваньне сваіх думак», — гаворыцца ў заяве.
Таксама і незалежная ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказала спачуваньні родным і блізкім Шарамета.
«БАЖ спадзяецца, што тыя, хто пазбавіў нашага калегу жыцьця, будуць пакараныя», — сказана ў заяве.