Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваркі з Алексіевіч мусяць застацца ў мінулым


Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Уначы званок з Канады (на іншым баку планэты яшчэ дзень), Івонка Сурвіла: «Толькі што па тэлебачаньні паказвалі інтэрвію з Алексіевіч, прамаўляла яна так цудоўна, сказала пра маленькі і дарагі ёй кавалак зямлі — пра Беларусь, вельмі я ўсьцешаная такімі яе словамі!».

Такія ацэнкі ў першы «пасьлянобэлеўскі» месяц давялося чуць часта — у тым ліку і ад тых, хто раней выказваў сумневы, ці ня будзе ўзнагарода аднесеная ў скарбонку усходняга суседа. І ці захоча сама ляўрэатка лічыць сябе беларускай, а не расейскай пісьменьніцай.

Да ліку гэтых людзей належаў і аўтар гэтых радкоў.

У нечым — дарэмна. А ў нечым — і небеспадстаўна.

Калі знаёмісься, год за годам, з выказваньнямі Сьвятланы Алексіевіч на Радыё Свабода — у інтэрвію, камэнтарах, дыскусіях, — пераконваесься, што ніколі — ні ў «дзевяностыя», ні ў «нулявыя» пісьменьніца Беларусі не выракалася. У адным з апошніх сваіх інтэрвію Генадзь Бураўкін, які добра ведаў Алексіевіч, наўпрост заявіў, што «яна ніколі не была ворагам беларускай мовы. Іншая справа, што мне было б намнога прыемней, калі б яна карысталася беларускай мовай у сваёй творчасьці — цікавай і таленавітай. Але гэта вельмі тонкія рэчы. Прыкладам, Алесь Адамовіч бліскуча гаварыў па-беларуску, па-беларуску пісаў і свае літаратуразнаўчыя працы. А вось прозу сваю пісаў па-расейску. І калі я пытаўся ў яго, у чым справа, ён адказваў:

„Ня ведаю. Вось саджуся за пісьмовы стол, і каб выказацца, мне патрэбна расейская мова“. Магчыма, нешта падобнае і ў Сьвятланы».

Вось і адказ на пытаньне пра мову твораў.

Што да тэматыкі, дык маюць рацыю тыя, хто заўважае: у апошняй кнізе Алексіевіч вы ня знойдзеце нікога, хто ня быў бы расчараваны пераменамі, якія адбыліся пасьля распаду СССР і крушэньня камуністычнай сыстэмы. Хаця бясспрэчна, былі і ёсьць людзі, якія інакш успрынялі тыя часы. А ў Беларусі (як і ва Ўкраіне) былі і ёсьць тыя, хто ня лічыць тыя гады згубленымі найперш таму, што ўдалася дасягнуць незалежнасьці сваіх краінаў. Вось такіх споведзяў — няма ў творах Алексіевіч. Але гэта — безумоўнае і неад’емнае права пісьменьніка, вольнага выбіраць і тэмы, і герояў, і танальнасьць. Сапраўды, дзіўна было б папракаць Дастаеўскага ці Быкава ў тым, што адзін бачыў толькі «цёмныя» бакі Пецярбурга а другі — толькі бруд і кроў вайны. Важна, што атрымалася ў выніку. А вынік такі, што швэдскія акадэмікі прызналі тэксты Алексіевіч вартымі вышэйшай літаратурнай ўзнагароды — той самай якой былі азначаны Бунін, Хэменгуэй, Пастарнак, Маркес...

Але вось выказваньні палітычнай, грамадзянскай пазыцыі, публічныя ацэнкі — гэта зусім іншае, тут ужо ёсьць права патрабаваць ад таго, хто гэтую пазыцыю агучвае, аб’ектыўнасьці і, як мінімум, адпаведнасьці фактам.

Прыкра было чытаць некаторыя выказваньні Сьвятланы Алексіевіч ў адрас нацыянальнага руху канца 80-пачатку 90-х і яго лідэраў. Апагеем непрыманьня назаву параўнаньне іх з Гамсахурдзія (у яе ўспрыманьні былы грузінскі прэзыдэнт — дыктатар і падбухторшчык грамадзянскай вайны). Магчыма, часта падобныя выказваньні вынікалі з простага няведаньня: напрыклад, Алексіевіч бачыла памылку БНФ у тым, што той, нібыта, імкнуўся спачатку пабудаваць нацыянальную дзяржаву, і толькі потым — дэмакратычную. Сёньняшняя моладзь, вакол якой штучна ўтвораны інфармацыйны гістарычны вакуум, можа і ня ведаць, што той жа БНФ якраз дэмакратычныя рэформы вылучаў на першае месца, дамагаючыся і роспуску камуністычнага Вярхоўнага Савету, і прыняцьця Канстытуцыі, якая б гарантвала дэмакратычны шлях разьвіцьця дзяржавы. Так, гаварылася і пра беларускую мову — пра выкананьне Закону, прынятага яшчэ Вярхоўным Саветам, у якім ніводнага «фронтаўца» не было. Моладзь можа гэтага ня ведаць (і ў большасьці — ня ведае), але той, хто хоць мінімальна сачыў за паітычнымі пазеямі — павінен быў бы ведаць.

І гэтыя «белыя плямы» ды спрэчныя высновы — побач з філязофскімі, вобразнымі ацэнкамі прыроды чалавека, надзвычай глыбокімі назіраньнямі за трансфармацыяй грамадзтва ў сапраўды драматычныя часы.

Мне хочацца (магчыма, наіўна) гэткім чынам патлумачыць «белыя плямы»: Сьвятлана Алексіевіч не ўключала тэлевізар, ня слухала радыё, не чытала газэт, магчыма, увогуле адсутнічала ў Беларусі ў нейкія лёсавызначальныя моманты 90-ых — апытвала людзей, працавала над сваімі творамі.

Над кнігамі, якія, акрамя ўсяго іншага, узьнесьлі яе на такі п’едэстал, на якім ніхто зь беларусаў яшчэ ня быў. І зь якога яна можа пра Беларусь гэтак гучна сказаць — як ніколі яшчэ не гучала.

Зрэшты, якім бы ціхім голасам, хоць бы і шэптам, не прамаўляла Сьвятлана Алексіевіч — кожнае ейнае слова будзе цяпер шматкроць узмацняцца.

Гэтую вагу свайго слова пісьменьніца цудоўна ўсьведамляе — тое было бачна на першай прэсавай канфэрэнцыі ў «Нашай Ніве» (усе адразу адзначылі, што Алексіевіч сама выбрала сьціплы пакойчык незалежнай беларускай газэты).

Сьвятлана Алексіевіч: «Я не люблю «мир» Берыі, Сталіна, Пуціна, Шойгу. Гэта ня мой сьвет»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:55 0:00

І мне падаецца, што ніхто зь ліку самых цьвёрдых абаронцаў Беларушчыны пасьля таго «нобэлеўскага» дня ня можа папракнуць яе нічым.

Старыя спрэчкі павінны застацца ў мінулым.

А ў сёньняшнім дні, і ў будучым, і назаўсёды — Беларусь мае свайго нобэлеўскага ляўрэата — якая, дарэчы, у дзень свайго трыюмфу прыгадала і Васіля Быкава, і Алеся Адамовіча. А таксама і тое, што яе прадзед вучыўся разам зь Якубам Коласам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG