Першая ў 2015 годзе сустрэча лідэраў апазыцыі ў справе вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнта прайшла 21 студзеня ў Менску. Яе ўдзельнікі абмеркавалі кандыдатуру палітвязьня Міколы Статкевіча як магчымага адзінага. Паводле іх словаў, сёньня быў зроблены пэўны крок наперад — ніхто з прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і дэмакратычных арганізацыяў не пярэчыў супраць стварэньня агульнай ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча.
Сёньняшнюю сустрэчу ініцыявалі паплечнікі Міколы Статкевіча зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). Адзін зь іх, Сяргей Скрабец, распавёў Свабодзе:
«Дамовіліся ствараць ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча, у якую ўсе прысутныя пагадзіліся вылучаць сваіх сябраў. Мы будзем яшчэ зьбірацца на наступным тыдні ў аўторак, бо рух „За свабоду“ і партыя БНФ мяркуюць, што пытаньне пра Статкевіча трэба падзяліць на два: аб вылучэньні яго як адзінага кандыдата і аб падтрымцы яго як палітвязьня. Тут мы пакуль не дамовіліся. Але дамовіліся ствараць ініцыятыўную групу».
Пра тое, што сёньня ніхто не пярэчыў супраць стварэньня ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча, кажа і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён адзначае, што ёсьць тры магчымыя фарматы далейшага разьвіцьця гэтай ідэі:
«Адзін варыянт — калі Статкевіч абвяшчаецца адзіным кандыдатам і пад яго фармуецца ініцыятыўная група.
Другі — калі фармуецца адзіная ініцыятыўная група Статкевіча, а пытаньне пра дублёраў, то бок кандыдатаў, якія, у адрозьненьне ад Статкевіча, могуць быць зарэгістраваныя, ужо вырашаецца па ходу кожнай асобнай арганізацыяй.
Трэці — як варыянт кампаніі салідарнасьці, калі да грамадзтва мы выходзім усе разам з пасланьнем, што дзеля таго, каб дамагчыся ў першую чаргу вызваленьня Міколы Статкевіча, мы гэтую ініцыятыўную групу фармуем.
І мы дамовіліся, што да наступнай нашай сустрэчы ў арганізацыях абмяркуюць гэта і вызначацца, які варыянт ім падаецца найбольш дарэчным».
«На жаль, мы і ў новым годзе губляем шмат часу, — канстатуе ўдзельнік сёньняшняй сустрэчы, прадстаўнік АГП на перамовах апазыцыі Віктар Карняенка. — Таму, не дачакаўшыся агульнага рашэньня, мы ўжо пачалі ствараць ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча.
Канкрэтна ў пятніцу ў Гомелі мы рабілі прэзэнтацыю кампаніі „За сумленныя выбары“. І там паўстала гэтае пытаньне. З 55 прысутных шмат хто з розных палітычных партыяў запісаўся ў ініцыятыўную групу. Дарэчы, каардынатарам там абралі ня нашага партыйца, а Юру Захаранку з БСДП (Народная грамада). І ў гэтай групе ў адным Гомелі ўжо больш за 40 чалавек.
Таму хутчэй тут трэба дзейнічаць. Час вельмі хутка бяжыць».
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 лістапада 2015 году.