Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў на занятках у дзень народзінаў, мяне ўсе віншавалі, а выкладчыца кажа, што адсутнічаў» — cуд адхіліў пазоў студэнта, якога адлічылі пасьля Дня Волі


Крысьціян Шынкевіч
Крысьціян Шынкевіч

Суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў пазоў студэнта Крысьціяна Шынкевіча да alma mater — Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Студэнт вучыўся там два апошнія гады, а ў канцы сакавіка яго адлічылі — нібыта за пропускі заняткаў. Крысьціян Шынкевіч дамагаўся адмены вымоваў, на падставе якіх ён быў адлічаны.

Паводле былога студэнта БДПУ, вымовы суправаджаліся шэрагам парушэньняў. У прыватнасьці, яго несвоечасова азнаямлялі з гэтымі дакумэнтамі, не давалі магчымасьці патлумачыць пропускі заняткаў. Таксама Крысьціян Шынкевіч аспрэчваў зьвесткі пра пропускі заняткаў. Пасьля разгляду свайго пазову зьбіраецца скардзіцца ў пракуратуру на выкладчыцу, якая выступала ў судзе.

«У той дзень у мяне быў дзень народзінаў, на занятках мяне ўсе віншавалі і добра гэта памятаюць. Гэта ж яўная хлусьня, што яна суду казала, быццам я тады адсутнічаў», — абураецца Крысьціян Шынкевіч.

Крысьціян Шынкевіч мяркуе, што адлічылі яго насамрэч не за пропускі заняткаў, а за грамадзянскую пазыцыю і актыўнасьць. На Дзень Волі 25 сакавіка студэнт быў затрыманы ў офісе «Вясны» разам зь іншымі назіральнікамі, калі яны атрымлівалі інструктаж перад назіраньнем за акцыяй. Празь некалькі гадзін затрыманых на «Вясьне» вызвалілі без складаньня пратаколаў. На наступны дзень Крысьцяна Шынкевіча затрымалі на Кастрычніцкай плошчы, дзе праходзіла акцыя салідарнасьці зь вязьнямі 25 сакавіка. Тады студэнта ноч пратрымалі ў ізалятары, на наступны дзень судзілі ды аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Праз колькі дзён Крысьціян даведаўся, што яго ўжо адлічылі з унівэрсытэту нібыта за «невыкананьне абавязкаў навучэнца», прычым загад аб адлічэньні быў датаваны 24 сакавіка — за дзень да Дня Волі. Шынкевіч лічыць, што гэта зрабілі задняй датай.

У БДПУ кажуць, што палітыка ні пры чым, былы студэнт парушаў правілы вучобы.

Судзьдзя Алена Рудніцкая, якая разглядала пазоў Крысьціяна Шынкевіча да БДПУ, патлумачыла ў пастанове, чаму ня можа яго задаволіць. Бо хоць вымова дэкана прыродазнаўчага факультэту, якая «дапамагла» адлічыць Шынкевіча з унівэрсытэту, не зьяўляецца дысцыплінарнай мерай, але суд ня можа яе адмяніць, а значыць, адлічэньне было законным.

Пасьля суду Крысьціян Шынкевіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што будзе абскарджваць рашэньне Маскоўскага суду ў Менскім гарадзкім судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG