Паліенку абвінавачваюць у «гвалце або пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Па гэтым артыкуле прадугледжана адказнасьць у выглядзе арышту, абмежаваньня волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьня волі на тэрмін да шасьці гадоў.
Паводле spring96.org, зь ліста ад Зьмітра Паліенкі праваабаронцам стала вядома, што дадаткова яго абвінавачваюць па артыкуле «Выраб і распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». У якасьці пакараньня па гэтым артыкуле яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.
Раней Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з заявай, у якой запатрабаваў вызваліць Паліенку да канца сьледзтва. Перасьлед удзельнікаў масавага велазаезду «Крытычная маса» праваабаронцы расцанілі «як вынік выказваньня імі меркаваньня, абмежаваньня права на мірныя сходы». Яны таксама адзначылі непрапарцыйнасьць ужываньня гвалту супрацоўнікамі міліцыі пры спыненьні акцыі і затрыманьнях.
Сваю пазыцыю адносна статусу Зьмітра Паліенкі праваабаронцы сфармулююць па выніках маніторынгу судовага працэсу.