Жыхар Баранавіч сьцьвярджаў на судзе, што забіў амэрыканца «за непавагу да Лукашэнкі і беларусаў».
1 верасьня забойца грамадзяніна ЗША Саламона Ясмана асуджаны на 10 гадоў турэмнага зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Асуджаны Б. сьцьвярджаў, што ў той вечар яны з Саламонам глядзелі выступленьне беларускага прэзыдэнта па тэлевізары.
— Саламон няўхвальна выказваўся пра кіраўніка дзяржавы, сказаў, што той краіну на калені паставіў, — распавёў пра пачатак канфлікту мужчына. — Потым сказаў, што беларусы ўсё сьцерпяць, а за 10 даляраў мінэт любому зробяць. Я не стрымаўся і ўдарыў яго ў сківіцу, — цытуе падсуднага выданьне Intex-press.
Пасьля гэтага, сьцьвярджаў асуджаны, пачалася бойка, падчас якой ён задушыў Ясмана. Падсудны сьцьвярджае, што з-за хваробы ня мог падняць цела забітага, таму вырашыў пазбавіцца ад трупа, расчляніўшы яго. Пасьля абакраў кватэру.
Тацяна Ясман, удава забітага амэрыканца, кажа, што насамрэч справа ня мае палітычнага складніка. Забойца скраў рэчы з кватэры ейнага мужа, у тым ліку банкаўскія карткі. А тое, што яе муж нібыта казаў пра кіраўніка краіны, забойца проста прыдумаў.
Сьледчыя адразу ж сталі мяне дапытваць. Наагул, першай падазраванай стала я
«Здарэньне адбылося яшчэ 18 сакавіка. Я прыйшла, як звычайна, да свайго мужа ў ягоную кватэру. Справа ў тым, што мы вырашылі, што ён будзе жыць асобна. Так было зручней і мне, і яму. У яго быў своеасаблівы характар, ён меў і кепскія звычкі, у прыватнасьці, вельмі шмат курыў. Менавіта таму ён і жадаў жыць асобна. А я два разы на тыдзень прыходзіла да яго і дапамагала яму ў хатніх справах. Яго кватэра была ў цэнтры гораду. Якраз непадалёк ад казіно, бо ён вельмі любіў пасядзець у казіно, паразмаўляць там зь людзьмі. Ён ніколі не гуляў у гэтыя аўтаматы, не было ў яго такой схільнасьці. Але проста любіў там праводзіць свой час. Яшчэ адна прычына, чаму мы жылі асобна, — у нас ёсьць дзіця ў падлеткавым узросьце. А муж любіў, калі да яго прыходзяць госьці, калі шмат людзей навокал».
Тацяна Ясман кажа, што многія ў горадзе ведалі яе мужа. Саламон 30 гадоў пражыў у Нью-Ёрку. У свой час ён няблага зарабляў, працаваў кіроўцам лімузына. Цяпер атрымліваў пэнсію, за якую і жыла сямʼя. Грошай у яго, паводле словаў удавы, было шмат. У горадзе яго многія ведалі, многія і пазычалі ў яго. Знаёмым Саламон не адмаўляў:
«Я зайшла да яго ў кватэру і раптам пабачыла, што нешта ня так. Нібыта ўсё было прыбрана і чыста. Але ня так, як я наводзіла парадак. Я потым пачала яму набіраць на тэлефон, але яго нумар быў недасяжны. Я прыйшла ў казіно і запыталася, ці яны бачылі майго мужа, і пачула, што ўжо два дні ён сюды не прыходзіў. Патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла пра зьнікненьне. Пакуль ехалі сьледчыя, я заўважыла зьнікненьне рэчаў, тэлевізара, сьпіртовыя напоі зьніклі. Не было на месцы і калекцыі манэт. Не было і банкаўскіх картак, наяўных грошай».
Пасьля таго як прыехалі сьледчыя, першай падазраванай стала сама жонка нябожчыка. Сьледчыя некалькі дзён вялі допыты, кажа Тацяна Ясман:
«Сьледчыя адразу ж сталі мяне дапытваць. Наагул, першай падазраванай стала я. Бо мы не жылі разам. Мяне нават правяралі праз дэтэктар хлусьні. Бралі адбіткі пальцаў, сьледчыя экспэрымэнты рабілі. Гэта былі жахлівыя дні. Але ўжо 22 сакавіка знайшлі сапраўднага забойцу майго мужа. Высьветлілася, што гэта быў ягоны добры знаёмы. Між іншага, ён вінен быў Саламону грошы. Прычым вялікую суму. Гэта было сплянаванае забойства. Усе нажы ў кватэры, пальчаткі былі на месцы. Ён прынёс усё з сабою. Зразумела, што рыхтаваўся загадзя. Матыў забойства — гэта грошы. Магчыма, што забойца папрасіў яшчэ пазычыць, а мой муж мог і сказаць нешта ў яго адрас. Але нават калі і абразіў яго — то гэта не прычына, каб забіваць».
Тацяна Ясман: Словы пра абразу Лукашэнкі і беларускага народу — прыдумка
Забойца толькі падчас суду пачаў сьцьвярджаць, што грамадзянін ЗША няўхвальна выказваўся пра кіраўнік краіны, сказаў, што нібыта той паставіў краіну на калені.
Ён заўсёды ўсьведамляў, што знаходзіцца ў чужой краіне. І каб тут жыць спакойна, народ і прэзыдэнта ніхто не чапае
«Гэта прыдумала абарона. Нібыта ён зайшоў да майго мужа і яны глядзелі беларускае тэлебачаньне. Але гэта хлусьня. У мужа няма беларускіх тэлеканалаў. У яго кватэры спадарожнікавае тэлебачаньне. Таму гэта ўсё не адпавядае рэчаіснасьці. Мала таго, мой муж ніколі не казаў кепскага пра Беларусь, тым больш пра Лукашэнку. Ён заўсёды ўсьведамляў, што знаходзіцца ў чужой краіне. І каб тут жыць спакойна, народ і прэзыдэнта ніхто не чапае. Саламон быў ня ў тым узросьце, а яму было 67 гадоў, каб неяк кагосьці абражаць, ён ня быў такі дурны. Забойца проста наўмысна прыдумаў такое апраўданьне. Я ня веру, што мой муж мог такое сказаць. Я ніколі ня чула аніякіх выказваньняў зь яго боку на адрас краіны. Тым болей што мы з маім дзіцем знайшлі на дыктафоне запіс Саламона, у якім ён чытае свой верш пра тое, як ён любіць Беларусь і беларускі народ. Тым больш што ад пачатку сьледзтва і суду забойца ня ўзгадваў пра палітычны матыў свайго ўчынку. Гэта пазьней ужо прыдумалі ягоныя абаронцы».
Саламон Ясман, як кажа ягоная ўдава, зьбіраўся наведацца ў Нью-Ёрк. Нядаўна ён езьдзіў у амэрыканскую амбасаду, атрымаў новы пашпарт. Рыхтуючыся да паездкі, амэрыканец зьбіраў наяўныя грошы. На думку ўдавы, забойца даведаўся пра гэта і скарыстаў сытуацыю.