Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З тэксту прысуду Статкевічу: «...самавыхаваньнем і самаадукацыяй не займаецца»


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Наведаўшы ў магілёўскай турме палітвязьня Мікалая Статкевіча, адвакат цяпер мае тэкст судовай пастановы, вынесенай у дачыненьні да палітыка ў шклоўскай калёніі 4 траўня. Менавіта паводле гэтага рашэньня былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча прызналі злосным парушальнікам рэжыму і адправілі даседжваць тэрмін пакараньня ў «крытую» турму. Тэкст пастановы надрукаваны на 7 старонках. З гэтай нагоды жонка Статкевіча Марына Адамовіч заўважыла, што каб падрыхтаваць такі вялікі дакумэнт, судзьдзі Сьвятлане Баранцовай хапіла 30 хвілін.

«Ня думаю, каб за паўгадзіны судзьдзя сапраўды б пасьпела надрукаваць 7 аркушаў пастановы, дзе ўсё падрабязна распісана пра „ўчынкі“ Мікалая. Вось цытую:

„Судом устаноўлена, што, адбываючы пакараньне ў ВК № 17, Статкевіч М.В. на шлях выпраўленьня ня стаў, мае 13 нязьнятых і непагашаных спагнаньняў, якія пазначаныя ў прадстаўленьні на яго, адзін раз быў зьмешчаны ў штрафны ізалятар і адзін раз пераводзіўся ў памяшканьне камэрнага тыпу. 1 красавіка 2015 году быў атэставаны радай выхавацеляў атраду як злосны парушальнік парадку адбыцьця пакараньня. Аргумэнты Статкевіча і адваката пра неабгрунтаванасьць прыцягненьня Статкевіча М. В. да адказнасьці суд прызнае няважкімі, паколькі падставай для накладаньня спагнаньняў сталі парушэньні, якія дапусьціў Статкевіч М. В., факт якіх матэрыяламі справы ўстаноўлены і не аспрэчваецца самім асуджаным, за выключэньнем парушэньняў ад 12.01.15, 14.01.15 і 23.03.15. Але з матэрыялаў справы, якія былі вывучаны цягам судовага пасяджэньня, бачна, што гэтыя факты мелі месца, а накладзеныя за дадзеныя парушэньні дысцыплінарныя спагнаньні, як і іншыя дысцыплінарныя спагнаньні, на момант разгляду матэрыялаў не былі адмененыя“.

І далей у тым жа стылі. У тым ліку пра тое, што „Статкевіч самавыхаваньнем і самаадукацыяй не займаецца“. Раней у іх было, што ён „далей зьбіраецца весьці злачынны лад жыцьця“, а цяпер прыпісалі яму, што „не самаразьвіваецца“. Ну што тут зробіш!» — пракамэнтавала тэкст пастановы Марына Адамовіч.

Паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч цяпер рыхтуе наглядную скаргу на судовую пастанову.

Месяц таму Мікалая Статкевіча са шклоўскай калёніі перавялі ў магілёўскую турму № 4. Якія навіны пра ягонае ўтрыманьне ў вязьніцы?

Што хвалюе, дык гэта тое, што зусім за месяц не атрымаў ніякай прэсы

«Меркавалася, што яго перавядуць у іншую камэру, але пакуль знаходзіцца ў ранейшай. Што хвалюе, дык гэта тое, што зусім за месяц не атрымаў ніякай прэсы, хоць я ўсю прэсу, на якую ён быў падпісаны, перавяла на ягоны цяперашні адрас. Пра прычыны яму нічога ня кажуць. Атрымаў з Генпракуратуры чарговую адпіску на сваю заяву, якую падаваў яшчэ ў шклоўскай калёніі, адносна ціску там на палітвязьняў. І зноў гэта нібыта не пацьвердзілася», — паведаміла Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч — адзіны з кандыдатаў на прэзыдэнта на выбарах 2010 году, каго беларускія ўлады працягваюць трымаць у зьняволеньні. 4 гады таму Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 год пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў арганізацыі вулічных забурэньняў пасьля выбараў. У судзе ён гэтага не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG