Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пачало на ўласным сайце і ў ВК-суполцы апытаньні на тэму барацьбы з пэдафіліяй (як відаць, маюцца на ўвазе сэксуальныя дзеяньні зь непаўналетнімі) і пакараньня за яе.
Сярод пытаньняў — цікаўнасьць да навінаў пра пэдафілію, узмацненьне цяперашняй крымінальнай адказнасьці за пэдафілію, неабходнасьць крымінальнай адказнасьці за схіленьне да полавай сувязі ці вырабу парнаграфіі празь перапіску, адказнасьць за калекцыянаваньне парнаграфіі бяз мэты распаўсюду, прымусовае лекаваньне або хімічная кастрацыя пэдафілаў, стварэньне публічнай базы пэдафілаў.
Цяпер крымінальны кодэкс вызначае за сэксуальны гвалт супраць малалетняй асобы (да 14 год) пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 8 да 15 год; за згвалтаваньне непаўналетняй асобы (да 18 год) — ад 5 да 13 год; а за дзеяньні сэксуальнага характару (нават па ўзаемнай згодзе) паўналетняй асобы з асобай да 16 год — ад 2 да 5 год. За выраб і распаўсюд порна зь непаўналетняй асобай (да 18 год) пакараньне можа вагацца ад папраўчых працаў да пазбаўленьня волі на тэрмін да 4 год (калі паўторна, групай асобаў, з удзелам непаўналетняй асобы або праз інтэрнэт — ад 3 да 8 год з магчымай канфіскацыяй маёмасьці).
Мяжа паміж эротыкай і порна ў беларускім заканадаўстве даволі няпэўная. Дазволена вырабляць і распаўсюджваць матэрыялы, у якіх ёсьць «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягу роду». Міліцыя можа знайсьці «распаўсюд порна» нават на закрытым гей-сайце.
Ужо ня першае апытаньне ад МУС
Раней МУС праводзіў падобнае апытаньне адносна абмежаваньняў на продаж алькаголю. Цяпер урад разглядае абмежаваньне на продаж алькаголю з 21 году. Вынікі апытаньня на сайце МУС не публікаваліся, але ў ВК-суполцы МУС апытаньне не дало адназначнага выніку: 46,8% прагаласавалі супраць больш жорсткіх узроставых абмежаваньняў, 42,9% — за абмежаваньне з 21 году, 10,4% — з 20 год. За захоўваньне дзіцячай парнаграфіі бяз мэты распаўсюду цяпер не караюць, таксама як і за схіленьне непаўналетніх да сэксу ці вырабу порна.