Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат асуджаных за спайсы: прысуды нечакана жорсткія


На судзе па «справе 17»
На судзе па «справе 17»

У менскім гарадзкім судзе 13 сьнежня быў абвешчаны прысуд групе зь 17 падсудных, абвінавачаных у распаўсюдзе спайсаў, псіхатропаў ды іншых наркатаксічных сродкаў, а таксама ў шэрагу іншых злачынствах. Абвінавачаныя атрымалі тэрміны ад 20 да 2 гадоў калёніі, прычым большасьць зь іх — тэрміны звыш 10 гадоў. У тым ліку былыя супрацоўнікі КДБ і міліцыі Вераценскі, Дзенісевіч і Карыцкі асуджаныя на 15 і 14 гадоў калёніі. Маладыя жанчыны Аліна Церагера і Іна Семяняка атрымалі адпаведна 18 і 16 гадоў калёніі.

Да 20 гадоў турмы з канфіскацыяй: пакараная групоўка, якая прадавала спайсы, у тым ліку былыя супрацоўнікі КДБ і МУС

Маці абвінавачанай Іны Семянякі паведаміла журналістам, што будзе абскарджваць прысуд.

«Вядома, будзем абскарджваць, але каму? Гэта нікуды ня варта, што такі вялікі прысуд! За што? Віна ж нічым не даказаная, а ўсё роўна далі ажно 16 гадоў! Як вы можаце так жыць? Чаму вы не паведамлялі больш пра гэты працэс, пра пракурораў?» — абуралася жанчына, зьвяртаючыся да журналістаў.

Адзін з адвакатаў таксама выказаў абурэньне прысудам. Адвакат прасіў не называць яго прозьвішча.

«Прысуд надзвычай жорсткі, нечакана жорсткі. Адразу некалькі момантаў адзначу. Па-першае, ён вынесены за дзеяньні, зробленыя да прыняцьця прэзыдэнцкага ўказу аб узмацненьні барацьбы з наркотыкамі. Заканадаўства цяпер сапраўды стала больш жорсткім, але яно не павінна распаўсюджвацца на нашых падабаронных. Па-другое, зусім ня ўлічана, што большасьць падсудных — гэта вельмі маладыя людзі. Што значыць атрымаць у 20-гадовым узросьце 20 ці 18 гадоў калёніі? Гэта зламанае жыцьцё! Пра якое вяртаньне ў грамадзтва можна казаць? Відаць, што яны трапілі пад кампанію барацьбы з наркотыкамі, калі ўжо не асабліва разьбіраюцца ў пэўнай віне пэўнага чалавека».

Другі адвакат, жанчына, выказала згоду з прысудам. Як аказалася, яе падабаронны Марат Багель яшчэ да суду заключыў дамову са сьледзтвам. Абаронца мяркуе, што з рашэньнем суду ён пагодзіцца.

«Мой падабаронны на сьледзтве прызнаў віну сам і пагадзіўся паведаміць усё, што яму было вядома пра віну іншых пасудных. Была заключаная адпаведная дамова, закон гэта дазваляе. Лічу, што свае абавязкі ў межах гэтай дамовы ён выканаў, і таму атрымаў толькі 8 гадоў зьняволеньня — палову з тэрміну, які яму пагражаў», — паведаміла адвакатка Багеля.

Акрамя вялікіх тэрмінаў зьняволеньня, у асуджаных у лік пагашэньня накладзенага судом спагнаньня канфіскаваныя прыватныя рэчы, упрыгажэньні, маёмасьць, аўтамабілі. Так, у Канстанціна Вілюгі канфіскавалі менскую кватэру на вуліцы Леаніда Бяды плошчай 115 квадратных мэтраў, аўтамабіль «Мэрсэдэс» S-5, грошы, шмат электронных прыладаў. У Аліны Церагеры — аўтамабіль «Форд Фокус», у Марата Багеля — БМВ Х-5, у былога супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Вераценскага — больш за 10 мабільных тэлефонаў.

Калі судзьдзя Сяргей Хрыпач зачытваў выніковую частку прысуду, ён больш за 10 хвілін пералічваў рэчы, забраныя ў падсудных падчас сьледзтва, якія сьведчылі пра іх датычнасьць да незаконнага абарачэньня наркотыкаў, псыхатропаў і наркатычных рэчываў. Гучалі назвы «гашыш», «марыхуана», «альфа-ПВП» ды іншыя хімічныя тэрміны. Пералічаліся прылады, якімі карысталіся меркаваныя наркадылеры: пакецікі са сьлядамі наркотыкаў, электронныя шалі для ўзважваньня наркатычных рэчываў, прыстасаваньні для склейваньня пакецікаў з наркотыкамі ды іншыя прылады.

З усіх 17 абвінавачаных толькі адзін — Фёдар Бухавец — быў апраўданы па адным з інкрымінаваных яму артыкулаў (частка 4 артыкулу 328). Але паводле іншых выстаўленых абвінавачаньняў Бухавец быў прызнаны вінаватым і ў выніку атрымаў 12 гадоў зьняволеньня.

Назіральнікі таксама адзначаюць, што прысуды абвінавачаным збольшага супалі з тым, што прасіў пракурор. Так, абвінаваўца прасіў для Канстанціна Вілюгі 20 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, і гэтае пакараньне цалкам супала з прысудам. Ці будзе Вілюга абскарджваць прысуд, пакуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG