Управа адукацыі Берасьцейскага аблвыканкаму адрэагавала на пэтыцыю аб захаваньні беларускай мовы навучаньня ў Гошчаўскай сярэдняй школе. Чыноўнікі адзначылі, што школа была і будзе беларускамоўнай.
Раней Юлія Папко, жыхарка вёскі, якая закончыла факультэт беларускай мовы і літаратуры Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, распачала збор подпісаў бацькоў, каб перавесьці навучаньне на расейскую мову.
З гэтай нагоды на сайце petitions.by была створана пэтыцыя з патрабаваньнем захаваць беларускую мову. Пад зваротам паставілі 72 подпісы. Дакумэнт даслалі ў Міністэрства адукацыі.
У адказе гаворыцца, што аддзел адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкаму не прасіў пераводзіць школу на расейскую мову і прасіць не зьбіраецца. Адміністрацыя і большасьць настаўнікаў школы выступаюць супраць пераводу навучаньня на расейскую мову. Гэтае пытаньне разглядалася ў калектыве і ў вёсцы — бальшыня бацькоў першаклясьнікаў жадаюць, каб школа заставалася беларускамоўнаю.
Ва ўправе спасылаюцца на статут школы, паводле якога мова навучаньня — беларуская. Нязьменна, ад моманту заснаваньня ў 1965 году. Беларускамоўныя вучэбныя дапаможнікі і падручнікі. Шчыльна зьвязаныя зь беларускай мовай традыцыі школы.