Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэканструктары аднавілі выгляд замкаў ВКЛ у сярэднявеччы


Фартэцыя ў Наваградку
Фартэцыя ў Наваградку

У Горадні можна пабачыць, як будаваліся замкі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Выявы ў рамах падрыхтавала віленская фірма «Metalo Forma». Выстава адбываецца ў гарадзкой выставачнай залі на вуліцы Элізы Ажэшкі. Арганізавала яе генконсульства Літоўскай рэспублікі ў Горадні з нагоды гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Літвы ў 1918 годзе.

Выявы замкаў былі створаныя на падставе старых гравюр, літаграфіяў, архіўных дакумэнтаў, вынікаў раскопак. Былі ўлічаныя напрацоўкі ня толькі літоўцаў, але і беларусаў з украінцамі. Над выявамі працавалі мастакі і вэб-дызайнэры, была выкарыстаная кампутарная графіка. Літоўскі глядач ужо пабачыў выставу. У Беларусі яна ўпершыню, у Горадню прыбыла з Алітуса.

Дырэктарка выставачнай залі Ірына Сільвановіч кажа, што выявы замкаў зацікавілі гарадзенцаў.

«У фірме „Metalo Forma“ зрабілі дзевятнаццаць постэраў-карцін. Мы бачым ня толькі самі помнікі, але і як іх будавалі, жанравыя сцэны. Працы зробленыя так дасканала, што маеш адчуваньне, быццам знаходзісься ў тым часе», — кажа дырэктарка.

Будаўніцтва замка ў Троках
Будаўніцтва замка ў Троках

Прадстаўлена будоўля віленскай цьвержы, замка ў Троках, а таксама замкавыя муры ў Коўне, Медніках і ў беларускіх Крэве і Наваградку.

Наведнікі казалі, што хацелася б некалі ўбачыць падобныя рэканструкцыі замкаў у Горадні — як яны выглядалі ў розныя часы. У літоўцаў пакуль няма дастаткова матэрыялу, каб гэта зрабіць, але яны над гэтым працуюць, кажа Ірына Сільвановіч.

Крэўскі замак
Крэўскі замак

Фірма «Metalo Forma» выпускае сувэнірныя рэчы, напрыклад, выявы старых замкаў у рамцы.

Некаторыя працы на выставе выклікаюць пытаньні ў абазнаных гледачоў. Напрыклад, на выяве старой Вільні, у цэнтры якой вядомы гатычны касьцёл сьвятой Ганны, справа няма праваслаўных храмаў у гатычным стылі, хоць яны ў той час ужо існавалі і захаваліся да нашых дзён. На дзядзінцы Наваградзкага замка намаляваны касьцёл — але, паводле «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», там была царква.

Будаўніцтва замка ў
Будаўніцтва замка ў

Пры канцы мінулага году ў гарадзенскай арт-галерэі «Крыга» выстаўляліся працы вядомага менскага майстра Паўла Татарнікава, які прадставіў свае мастацкія рэканструкцыі замкаў і гарадоў ВКЛ. Некаторыя дзеля гістарычнага антуражу былі намаляваныя нібы ў смузе, якая прысутнічае і на карцінах, што прыбылі ў Горадню зь Літвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG