Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ратушны сквэр у Крычаве ў плянах улады, ратуша — у марах


Крычаўская мясьціна, дзе, магчыма, стаяла Ратуша і будынкі магістрату
Крычаўская мясьціна, дзе, магчыма, стаяла Ратуша і будынкі магістрату

У Крычаве зьбіраюцца закласьці Ратушны сквэр, які мае нагадваць пра часы Магдэбурскага права. Чыноўнікі з райвыканкаму адвялі пад сквэр месца, дзе, як яны мяркуюць, якраз стаяла ратуша.

Цяпер непрыкметную пляцоўку, на якой разрасьліся таполі, засланяюць праваслаўная царква Ўваскрасеньня Хрыстовага і ваенкамат. Насупраць царквы — помнік Леніну.

Ратушны сквэр да юбілею

Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкаму Вадзім Рыськоў, апавядаючы пра ідэю закласьці Ратушны сквэр, згадаў круглы стол, за якім прадстаўнікі ўлады, грамадзкасьці райцэнтру, а таксама гісторыкі з Магілёва абмяркоўвалі адраджэньне гістарычнага аблічча гораду. Суразмоўца нагадаў, што сёлета Крычаў адзначыць 880-годзьдзе.

«На згаданым круглым стале прагучалі прапановы ўвекавечыць гістарычны пэрыяд нашага гораду, зьвязаны з Магдэбурскім правам. Яго наш горад меў, і някепска ў той час разьвіваўся», — казаў Вадзім Рыськоў.

«Стварэньне Ратушнага сквэру сталася б адраджэньнем гістарычнай рэчаіснасьці. Я высьвятляў, і, па-мойму, сквэру ці парку з такой назвай у Беларусі няма, — заўважаў дзяржаўны службовец. — На месцы, прапанаваным для сквэру, у 17–18 стагодзьдзі стаялі, як сьведчаць дакумэнты, ратуша ды будынкі гарадзкога магістрату. Гэтая мясьціна цяпер дагледжаная: там растуць таполі. Але калі б там закласьці парк, то ён пацягнуў бы за сабой разьвіцьцё як унутранага, гэтак і зьнешняга турызму».

У Расеі ратуш не было

На думку суразмоўцы, Ратушны сквэр стаўся б адметнасьцю Крычава. Разам з ужо вядомым палацам Пацёмкіна Ратушны сквэр, кажа чыноўнік, дапамог бы разьвіць турыстычны патэнцыял гораду.

Мне думаецца, можа я і памыляюся, акцэнт больш варта ставіць на турыстаў з краінаў Балтыі.

«Мне думаецца, можа я і памыляюся, акцэнт больш варта ставіць на турыстаў з краінаў Балтыі. Расейскія турысты, безумоўна, для нас цікавыя, але Ратушны сквэр і мясьціны, зьвязаныя з традыцыямі магдэбурскага права, для іх ня дужа будуць цікавымі. У іхняй жа гісторыі не было, па-сутнасьці, Магдэбурскага права».

«А вось для турыстаў з Эўропы гэта было б цікава», — дадае Вадзім Рыськоў.

«Пагатоў, апошнім часам, — кажа ён, — Эўропа да нас пачала ставіцца больш прыязна. Санкцыі зьнялі з нас. Мы часьцей сталі ўдзельнічаць у розных міжнародных імпрэзах і сустрэчах. Гэта ж выдатна. Сваімі інавацыямі мы б таксама маглі прыцягнуць турыстаў, паўтаруся, з тых жа краін Балтыі. Ажывіўся б турыстычны абмен між нашымі краінамі і гарадамі».

Адбудаваны палац Пацёмкіна
Адбудаваны палац Пацёмкіна

Трэба як мінімум паўмільярда. Старымі грашыма

Пакуль, аднак, па словах суразмоўцы, на Ратушны сквэр патрабуецца фінансаваньне. Увесь комплекс працаў вымагае прыкладна паўтара мільярда рублёў. Паводле Вадзіма Рыськова, райвыканкам шукае спонсараў.

Пра аднаўленьне самой ратушы гаворкі пакуль няма. Аднак начальнік ідэалягічнай працы лічыць, што такі праект быў бы для Крычава выдатным падарункам.

«Пра гэта я пакуль толькі мару, але ратуша — была ж у Крычаве. Гэта гістарычны факт, а ня выдумка, — кажа дзяржаўны службовец. — Але пакуль што мы шукаем мэцэнатаў для нашых праектаў. Знайсьці іх цяпер няпроста».

Паводле Вадзіма Рыськова, праект Ратушнага сквэру яшчэ ў накідах. Плянуецца, што цэнтральнае месца ў сквэры зойме помнік з гарадзкім гербам і памятнымі датамі гісторыі Крычава.

Разварот са зборніка матэрыялаў «круглых сталоў», на якіх абмяркоўвалі, як папулярызаваць гісторыю і традыцыі Магдэбурскага права. На адной са старонак — гербы магдэбурскіх гарадоў Магілёўшчыны
Разварот са зборніка матэрыялаў «круглых сталоў», на якіх абмяркоўвалі, як папулярызаваць гісторыю і традыцыі Магдэбурскага права. На адной са старонак — гербы магдэбурскіх гарадоў Магілёўшчыны

Магдэбурскае права Крычаў атрымаў у 1633 годзе. Пасьля прыходу расейцаў царыца Кацярына ІІ падарыла ў 1776 годзе Крычаўшчыну свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну. Ён скасаваў магдэбурскае самакіраваньне ў Крычаве, а мяшчанаў зрабіў прыгоннымі.

На думку знаўцаў мясцовай гісторыі, пра тое, дзе ў Крычаве была ратуша, пэўных зьвестак няма. Крычаўскія архівы ў свой час былі вывезеныя ў Маскву. Там яны захоўваюцца дагэтуль. У тых дакумэнтах, спадзяюцца краязнаўцы, ёсьць зьвесткі і пра месца, дзе стаяў будынак ратушы.

Круглы стол, пра які згадаў Вадзім Рыськоў, адбыўся ў Крычаве летась 21 лістапада з ініцыятывы абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Гэта была адна з шэрагу сустрэч, наладжаных грамадзкімі актывістамі і гісторыкамі на тэму «Магдэбурскія традыцыі на Магілёўшчыне». За круглымі сталамі папулярызацыю традыцыяў магдэбурскай гісторыі абмяркоўвалі ў гарадах рэгіёну, якія мелі эўрапейскае самакіраваньне. Сярод іх — Шклоў, Мсьціслаў, Чавусы, Чэрыкаў, Бялынічы, Крычаў, Горкі, Бабруйск.

Гэтак выглядае сам зборнік
Гэтак выглядае сам зборнік

Арганізатары круглых сталоў кажуць, што з гледзішча магдэбурскай гісторыі Горкі і Бабруйск застаюцца амаль недасьледаванымі. Горкі шмат для каго асацыююцца найперш зь сельгасакадэміяй, а Бабруйск — з крэпасьцю, падчас пабудовы якой быў зьнішчаны гістарычны цэнтар гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG