Гарадзенскія прадпрымальнікі цьвердзяць, што такога фінансавага крызісу, як цяпер, яшчэ не было: цэны застаюцца ранейшыя, пакупнікоў — адзінкі, няма ня толькі валюты, але і беларускіх рублёў, прычым як у пакупнікоў, так і ў прадпрымальнікаў, страты ўжо цяжка падлічыць.
Напярэдадні праваслаўных Калядаў рынак «Цэнтральны» ў Горадні паўпусты. Пакупнікі пераважна дакупляюць на сьвяты харчы, а побач з адчыненымі шапікамі топчуцца на марозе толькі самі гандляры. Прычым каля паловы шапікаў зачыненыя. І на гандлёвых радах палова месцаў папросту пустуюць.
Прадпрымальніца Валянціна, хвалюючыся, распавядае, што вымушаная была зачыніць свае шапікі, у якіх прадавала дзіцячыя цацкі. Яшчэ ў сьнежні, як кошт валюты пайшоў угару, яна паспрабавала падняць цэны на свой тавар, але адразу атрымала папярэджаньне зь Дзяржкантролю і мусіла цэлую ноч з усімі сваякамі і блізкімі пераклейваць цэны на тавары:
«Я працавала гэты час, але проста „адбівала“ свае грошы, каб толькі вярнуць тыя грошы, якія на тавар затраціла. А што далей? Павялічваць кошты ці што? У мяне і тавар ёсьць, бо я заранёў напрывозіла, але я не магу яго проста прадаваць і траціць на гэтым. Я ўжо 20 год у гэтым бізнэсе, і цяпер папросту плачу, ня ведаю, што рабіць. А першыя дні наагул быў шок».
Прадпрымальнік Сяргей з рынку «Паўднёвы» займаецца аптовым продажам абутку. Яшчэ да Новага году ён перайшоў на спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня, мае ўсе належныя сэртыфікаты і плаціць падаткі паквартальна, але фінансавы крызіс практычна спыніў ягоны бізнэс. Ён кажа, што заплаціў наперад дзяржаве падаткаў блізу 12 тысяч даляраў. А цяпер нічога ня можа прадаць:
«У выніку мы ўсе панесьлі страты. Мы ўсе папросту ў шоку, бо такога яшчэ ніколі не было. Наагул ніколі не было. І відавочна, што людзі будуць проста сыходзіць з рынку і зачыняцца. Ну а што, калі абклалі людзей з усіх бакоў: падаткі высокія, з валютай праблемы... Вось цяпер прадаю новыя мадэлі ніжэй сабекошту. Страты ўжо складаюць прыблізна 40%».
Яшчэ адзін прадпрымальнік, далучыўшыся да нашае размовы, кажа, што дзяржава ў выніку валютнага крызісу стварыла сытуацыю, калі ў людзей ня стала ні даляраў, ні беларускіх рублёў. Падчас дэвальвацыі рубля людзі скупілі даляры і бытавую тэхніку, застаўшыся бяз грошай:
«Курс у абменьніках быў бы не 13–14 тысяч, а 18, калі б у ІПэшнікаў былі грошы. Гандлю няма, і нам няма за што купляць даляры. Заўсёды падчас былых дэвальвацыяў сытуацыя была іншая, і заўсёды на рынку куплялі даляры. А цяпер да нас нават прыходзяць людзі здаваць, а мы нічога не купляем, і яны ідуць у абменьнікі».
Да нашае размовы далучаецца яшчэ адзін прадпрымальнік:
«Тут ужо поўная апатыя, нават ня ведаеш, з кім і пра што гаварыць. Рынак ужо пусты, і народ проста чакае. І ўсе рынкі Беларусі папросту стогнуць. Да вясны адбудзецца ўдушэньне рынкаў. Нічога не застаецца прадпрымальнікам, як проста чакаць, і яны пабралі адпачынкі і чакаюць. Але ўжо нават у гэтай сытуацыі мы працуем толькі на тое, каб паесьці».
Іншы спадар: «Крызіс адчуваецца на кожным кроку. Так, валюту цяпер ідзі купляй, але беларускіх рублёў няма. А няма таму, што нізкія заробкі, таму няма пакупнікоў. Вось кола і замыкаецца».
Побач з намі пакупнік выбірае абутак. Цікаўлюся ў яго — што думае наконт меркаваньня прадпрымальнікаў?
Спадар: «Ды ну што тут казаць? Поўны кірдык. Вось я працую, а заробак ніякі — тры мільёны. Вось вам і ўвесь камэнтар. А што яшчэ сказаць...»
Карэспандэнт: «А як думаеце — хутка сытуацыя зьменіцца да лепшага?»
Спадар: «Не, ня хутка. І няма каму верыць, бо тут ніколі нічога добрага не было...»